Каля 280 тысяч сем’яў ва Украіне засталіся без святла пасля расійскіх атак – Зяленскі

Расійскія беспілотнікі атакавалі аб’екты энергетычнай інфраструктуры ў некалькіх рэгіёнах Украіны. Як паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, у выніку ўдараў каля 280 тысяч сем’яў засталіся без электрычнасці ў Днепрапятроўскай і Кіеўскай абласцях.

Паводле яго слоў, увечары 30 кастрычніка расійскія «Шахеды» ударылі па цеплаэлектрацэнтралі ў Кіеве. За ноч у Днепрапятроўскай вобласці атакаваныя 4 электрападстанцыі і аб’ект газаразмеркавальнай сістэмы. Пад раніцу расійскі беспілотнік паразіў ЦЭЦ у Шостцы Сумскай вобласці.

Акрамя таго, удары па чыгуначнай інфраструктуры зафіксаваныя ў Дняпры і Харкаве.

У выніку атак без электрычнасці засталіся каля 200 тысяч сем’яў у Дняпры і Днепрапятроўскай вобласці, а таксама больш за 80 тысяч сем’яў у Кіеўскай вобласці. Аварыйныя брыгады працуюць над аднаўленнем электразабеспячэння.

“Свет бачыць, як Расія кожны дзень робіць мішэнямі грамадзянскую інфраструктуру. І ўсе, хто не хоча ўбачыць, як гэтая расійская эскалацыя можа пайсці далей у Еўропе, павінны дапамагаць Украіне. Патрэбныя моцныя крокі сапраўды ў напрамку міру. Гэта санкцыі супраць агрэсара і новыя пакеты падтрымкі Украіны. Дзякуй усім, хто дапамагае”, – заявіў украінскі лідар.