Максим Рыженков. Фото: МИД
Беларусь гатовая разгледзець магчымасць аднаўлення экспарту калійных угнаенняў і іншай прадукцыі праз парты краін Балтыі, калі атрымае гарантыі, што абмежаванні на транзіт больш не паўторацца. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю індыйскаму тэлеканалу CNN-News18, разважаючы пра сітуацыю, у якой санкцыі будуць знятыя.
Паводле яго слоў, пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцый і закрыцця ранейшых транзітных маршрутаў Беларусь пераарыентавала экспарт калійных угнаенняў на расійскую транспартную інфраструктуру. Ён сцвярджае, што адмова ад транзіту беларускіх угнаенняў нанесла фінансавую шкоду перш за ўсё самім краінам Балтыі, якія пазбавіліся даходаў ад іх перавалкі і транспарціроўкі.
«Зразумела, калі нашы еўрапейскія суседзі адумаюцца і будуць гатовыя аднавіць давер у пытаннях транспарціроўкі не толькі калію, але і іншай нашай прадукцыі, мы гатовыя разгледзець магчымасць выкарыстання партоў Балтыі для паставак нашых тавараў у трэція краіны.
Аднак для гэтага мы павінны атрымаць ад гэтых краін жалезныя гарантыі таго, што сітуацыя з абмежаваннямі ў дачыненні да беларускага боку больш не паўторыцца.
Больш за тое, нават калі мы і будзем разглядаць гэтыя парты як прыярытэтныя, гаворка пойдзе выключна пра тыя тавары, якія сёння не задзейнічаныя ў нашым гандлі – гэта значыць пра нейкія новыя, верагодна, дадатковыя аб’ёмы прадукцыі, якія мы гатовыя вырабляць на сваёй тэрыторыі», – заявіў міністр.
Гаворачы пра пастаўкі калійных угнаенняў у Індыю, кіраўнік МЗС паведаміў, што іх аб’ём складае каля мільёна тон у год. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая нарошчваць экспарт і не адчувае праблем з выкананнем абавязацельстваў перад індыйскімі партнёрамі, нягледзячы на санкцыі і лагістычныя абмежаванні.
Адным з перспектыўных напрамкаў Рыжанкоў назваў развіццё міжнароднага транспартнага калідора «Поўнач – Поўдзень», які праходзіць праз Расію, Азербайджан, Каспійскае мора і Іран да партоў Індыйскага акіяна.
“Гэты маршрут дазволіў бы нам удвая скараціць адлегласць для дастаўкі нашых тавараў у дзяржавы Азіі, Усходняй Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, адначасова забяспечваючы пастаўкі ў Рэспубліку Беларусь неабходнай нам прадукцыі. Мы не проста актыўна назіраем за гэтым працэсам, але і стымулюем нашых партнёраў, вызначаючы канкрэтную наменклатуру і аб’ёмы грузаў, якія мы гатовыя зарэзерваваць пад гэтыя маршруты”, – заявіў ён.
Паводле слоў міністра, Мінск таксама зацікаўлены ў завяршэнні будаўніцтва адсутнага чыгуначнага ўчастка ў Іране і развіцці альтэрнатыўных маршрутаў праз Цэнтральную Азію і Афганістан.