Фото: СК
Следчы камітэт праводзіць праверку па факце ДТЗ са смяротным зыходам, якое адбылося ў Нараўлянскім раёне.
Як расказалі ў СК, гісторыя пачалася з таго, што 25 кастрычніка двое прыяцеляў ва ўзросце 18 і 16 гадоў з Нараўлянскага каледжа паехалі на аўтобусе ў Калінкавічы, дзе пазнаёміліся з мясцовым 17-гадовым жыхаром. Некалькі гадзін яны выпівалі спіртное, а пасля выклікалі таксі і паехалі на ім у Нароўлю. На месцы хлопцы не разлічыліся з кіроўцам і ўцяклі.
Далей яны вырашылі пакатацца па раёне. Адзін з хлопцаў прапанаваў узяць аўтамабіль яго сваяка. Кампанія пранікла на тэрыторыю домаўладання, дзе стаяў Daewoo Nubira з ключом у салоне.
За руль сеў 17-гадовы юнак з Калінкавічаў. Каля 2 гадзін ночы на дарозе Нароўля – Канатоп ён не справіўся з кіраваннем, аўтамабіль зачапіў абочыну і перакуліўся. Кіроўца атрымаў пашкоджанні, ад якіх ён памёр у бальніцы. Яго пасажыры атрымалі нязначныя траўмы.
Падчас праверкі следчыя ўстанавілі, што 20 жніўня гэтага года загінулы, таксама знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, спрабаваў схавацца ад пераследу ДАІ. Вадзіцельскіх правоў у яго не было.