Фото: Lutz Wernitz, unsplash.com
Эстонія забараніла транзіт беларускага і расійскага збожжа праз сваю тэрыторыю. Забарона дзейнічае з 1 кастрычніка, паведаміў у сацсетцы X кіраўнік эстонскага МЗС Маргус Цахкна.
«Расія наносіць удары па ўкраінскіх партах, блакуе экспарт украінскага збожжа, а затым шукае новыя маршруты для свайго ўласнага збожжа. Эстонія такіх маршрутаў не прадаставіць», — заявіў Цахкна.
Паводле яго слоў, Эстонія, Латвія і Літва разам працуюць над тым, каб Расія не выкарыстоўвала парты краін Балтыі для транзіту.
«Расія не можа весці агрэсіўную вайну і чакаць, што мы будзем дапамагаць ёй падтрымліваць гандлёвыя патокі. Мы не будзем дапамагаць фінансаваць яе вайну або палягчаць ёй вядзенне агрэсіі», — заявіў кіраўнік МЗС Эстоніі.