Экс-супрацоўніку КДБ Храловічу, які зліў тэлефонныя размовы Эйсмант, дадалі год калоніі

Былому падпалкоўніку КДБ Аляксею Храловічу, асуджанаму паводле артыкула аб здрадзе дзяржаве, дадалі адзін год калоніі паводле артыкула 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы). Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», крымінальную справу нядаўна разгледзелі ў Магілёве.

Храловіча затрымалі ў сакавіку 2021 года. Праз год яго прысудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 500 базавых велічынь па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве.

Храловіч фігураваў у фільме АНТ «Спецаперацыя КДБ «Манкурты». Там паведамлялася, што ён перадаў запісы тэлефонных размоў прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант адміністратарам тэлеграм-канала Сцяпана Пуцілы. На запісах Эйсмант абмяркоўвала абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі. У фільме сцвярджалася, што запісаныя размовы нібыта былі інсцэніроўкай, але Храловіч пра гэта не ведаў.