У іспанскіх сацсетках на гэтым тыдні абмяркоўваюць нечаканае відэа – магілёўскі тратуар і накрыўку каналізацыйнага люка з адчаканеным «Ayuntamiento de Madrid. Alcantarillado», гэта значыць «Мэрыя Мадрыда. Каналізацыя», і сямю зоркамі, як на гербе іспанскай сталіцы. Як мадрыдскі люк тэлепартаваўся ў Магілёў? Версіі гучаць самыя розныя, а разгадку знайшла беларуска, якая пераехала ў Іспанію і звярнула ўвагу на віруснае відэа з роднага Магілёва.
Відэа разляцелася ў іспанскім TikTok-канале Madrid Secreto, у якога 235,5 тысячы фаловераў. Іспанцы варожаць, як накрыўка тэлепартавалася больш чым за тры тысячы кіламетраў ад Мадрыда. Жартуюць, што люк паехаў вучыцца па студэнцкім абмене. Ёсць і іншыя забаўныя версіі, прыводзім іх пераклад з іспанскай:
«Які-небудзь баск шпурнуў яе, як дыскабол», – піша Morena. У Іспаніі баскі славяцца асілкамі.
«Залазіш у гэты люк і імгненна апынаешся ў Мадрыдзе», – выказаў здагадку David_González.
«Ён ужо пабачыў свет больш, чым я», – піша kskgruseg.
«Гучыць так, быццам Капітан Амерыка ў спрадвечна іспанскім выкананні быў закінуты ў тыл рускага ворага і забыў там свой шчыт падчас задання, якое яму даручылі іспанскія спецслужбы», – піша Arturo Bloqueduro, для якога Магілёў, мяркуючы па ўсім, знаходзіцца недзе ў Расіі.
«А чаго мне каштавала яго дацягнуць…» — прызнаецца карыстальнік Fran.
«Мала што можа быць больш загадкавым», – піша карыстальнік L’omertá на іспанскім форуме Burbuja.info.
Ёсць і сур’ёзныя версіі:
«Падобна, у Мадрыдзе мянялі накрыўкі люкаў, а які-небудзь беларускі рабочы або проста хтосьці, хто праязджаў міма, забраў старыя, вось яны і апынуліся ў Беларусі. Гэта і ёсць эканоміка замкнёнага цыкла: рэчы павінны служыць далей…» – піша Chimpu.
«Накрыўкі, хутчэй за ўсё, экспартавалі з Іспаніі ў рамках інфраструктурнага праекта або іх паўторна выкарыстаў пастаўшчык», – піша Gente que Defiende España.
«Іх прадаюць на металалом, а металалом разыходзіцца па ўсёй Еўропе», – мяркуе MC Gregor79.
Беларуска vivamarusia, якая жыве ў Іспаніі, звярнула ўвагу на іспанскі хайп вакол магілёўскіх люкаў. Вось як яна тлумачыць тое, што адбылося, у сваім Threads: беларускія ліцейныя заводы, сярод якіх называюць Смаргонскі агрэгатны, рабілі чыгунныя люкі на экспарт па еўрапейскіх кантрактах і еўрапейскіх жа стандартах. Частку партыі заказчык бракаваў з-за дробных дэфектаў ліцця, нешта проста заставалася звыш заказу. Адпраўляць гатовыя вырабы на пераплаўку не сталі і паклалі іх на сваіх вуліцах і завадскіх тэрыторыях.
«Забаўная іронія: каб даведацца, што родная зямля дзесяцігоддзямі захоўвала мадрыдскі герб пад нагамі, трэба было пераехаць у Іспанію і прачытаць пра гэта ў іспанскіх пабліках», – падсумоўвае яна.
Люкі ў Смаргоні сапраўды адліваюць на Смаргонскім ліцейна-механічным заводзе, аднак пацвярджэнняў, што сярод іх былі накрыўкі для Мадрыда, а брак адпраўляўся ў Магілёў, у адкрытых крыніцах няма.