У 2017 годзе беларуска Вікторыя адпачывала ў Хургадзе і купіла сумку ў краме каля гатэля. Праз 6 гадоў у сумкі парвалася падкладка. Калі Вікторыя стала яе зашываць, то выявіла невялікае фота на дакументы і віскозную сурвэтку. Дзяўчыну на фота яна бачыла ўпершыню. Як яно магло трапіць пад падкладку сумкі? Тлумачэнне знайшлося ў жанры тру-крайм: паводле здагадкі Вікторыі, сумку шыла жанчына з фота і такім чынам спрабавала сігналізаваць, што трапіла ў рабства.
Гісторыя падалася людзям жудаснай да праўдападобнасці: за некалькі гадзін яе пост у Threads сабраў 5,6 тысячы лайкаў, сотні каментарыяў і рэпостаў. Каментатары загрузілі здымак у сэрвіс распазнавання твараў і атрымалі каля паўсотні супадзенняў, якія вялі на аўстрыйскія сайты.
Жанчына, знешнасць якой дэталёва супадае з дзяўчынай на фота, жыве ў Вене. Паводле адукацыі яна чарцёжнік-канструктар, раней працавала ў венскім муніцыпалітэце і энергетычнай кампаніі, але ў 2007 годзе атрымала кваліфікацыю спецыяліста па доглядзе жывёл і цяпер працуе ў ветэрынарнай клініцы. Акрамя таго, яна ўваходзіць у добраахвотную пажарную дружыну ў Ніжняй Аўстрыі і ў чэрвені гэтага года здала кваліфікацыйны экзамен.