«Я тут. З вамі». Мачада вярнулася ў Венесуэлу пасля дзесяці месяцаў за мяжой

Лідар венесуэльскай апазіцыі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Марыя Карына Мачада 25 кастрычніка вярнулася ў Венесуэлу пасля дзесяці месяцаў за межамі краіны. Пра вяртанне яна паведаміла ў сваім акаўнце ў X. Яе партыя Vente Venezuela апублікавала фатаграфіі і матэрыялы пра першыя сустрэчы з прыхільнікамі.

«Я тут. З вамі», — напісала Мачада. Першым публічным пунктам яе паездкі стаў храм Дывіна-Пастора ў Санта-Росе, штат Лара. Паводле паведамлення партыі, палітык прыехала туды, каб падзякаваць за вяртанне на радзіму.

Затым Мачада накіравалася ў Каракас. Прыхільнікі сустракалі яе на вуліцах і дарогах у штатах Лара, Яракуй, Карабоба і Арагуа. Людзі выходзілі з венесуэльскімі сцягамі, віталі палітыка апладысментамі і абдымкамі. У сталіцы таксама сабраліся тыя, хто чакаў яе прыезду. Пазней Мачада пацвердзіла прыбыццё паведамленнем: «Нарэшце, Каракас, я тут!»

Вяртанне Мачада прывітаў яе саюзнік, кандыдат аб’яднанай апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года Эдмунда Гансалес Урутыя. Ён заявіў, што яе прысутнасць дапаможа ўзначаліць далейшыя палітычныя дзеянні, і анансаваў уласнае вяртанне, не назваўшы даты. Паводле паведамлення Vente Venezuela, Мачада мае намер працягваць дамагацца дэмакратыі і павагі да волевыяўлення венесуэльцаў.

Як піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцу, падчас руху да сталіцы Мачада суправаджалі прыватныя ахоўнікі амерыканскай кампаніі, таксама ёй аказваў дапамогу кансерватыўны ўрад Калумбіі. Пры гэтым ЗША далі ўказанне часовай прэзідэнтцы Венесуэлы Дэлсі Радрыгес не перашкаджаць вяртанню нобелеўскай лаўрэаткі.

У студзені гэтага года ЗША правялі аперацыю, у выніку якой быў затрыманы і вывезены з Венесуэлы Нікалас Мадура. Часовай прэзідэнткай краіны стала Дэлсі Радрыгес. Дональд Трамп называе яе добрым партнёрам.

Адзначаецца, што сёлета Мачада як мінімум сем разоў спрабавала вярнуцца на радзіму, некаторыя са спроб былі сарваныя з-за супрацьдзеяння амерыканскага боку.

Мачада знаходзілася за мяжой са снежня 2025 года, калі выехала ў Нарвегію ў сувязі з прысуджэннем ёй Нобелеўскай прэміі міру. На цырымонію ўручэння 10 снежня яна не паспела: яе Нобелеўскую лекцыю прачытала дачка Ана Карына Соса Мачада. Ужо 12 снежня сама палітык удзельнічала ў адкрыцці прысвечанай ёй выставы ў Нобелеўскім цэнтры міру ў Осла.

Нарвежскі Нобелеўскі камітэт узнагародзіў Мачада за прасоўванне дэмакратычных правоў венесуэльцаў і барацьбу за мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі. У абгрунтаванні рашэння камітэт нагадаў, што ўлады не дапусцілі яе да прэзідэнцкіх выбараў 2024 года. Пасля гэтага яна падтрымала Гансалеса, а апазіцыя сабрала і апублікавала пратаколы галасавання, якія сведчылі пра яе перамогу.