“Я не прыхільнік MAGA”. Маск назваў глупствам свае выдаткі на прамежкавыя выбары

Мільярдэр Ілан Маск назваў глупствам свае выдаткі на прамежкавыя выбары. Ён таксама заявіў, што не з’яўляецца прыхільнікам MAGA.

«Я адчуваю сябе даволі па-дурному з-за таго, што патраціў столькі грошай і не атрымаў ад гэтага ніякай аддачы, або, можа быць, без гэтых грошай усё было б нашмат горш», – сказаў ён падчас мерапрыемства на саміце New York Times DealBook, паведамляе The Wall Street Journal.

Нагадаем, Маск патраціў каля 400 млн долараў на падтрымку рэспубліканскіх кандыдатаў на выбарах, якія адбыліся 3 лістапада. Нягледзячы на гэта, у Тэхасе месцы сенатара і губернатара выйгралі прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі. Сам жа Маск некалькі гадоў таму перанёс свой асноўны бізнес у гэты штат. Цяпер ён станоўча выказаўся пра новую губернатарку Тэхаса Джыну Інахосу.

«Мяркуючы па ўсім, што я пра яе чуў, думаю, з Джынай у Тэхасе ўсё будзе добра», – сказаў ён.

Выданне прыводзіць яшчэ адзін каментарый Маска, гэтым разам наконт руху Make America Great Again, тварам якога з’яўляецца Дональд Трамп.

«Я не прыхільнік руху MAGA. Я не ўпэўнены, што азначае MAGA, але калі гэта мае на ўвазе сляпое прытрымліванне пэўнага набору палітычных прынцыпаў Рэспубліканскай партыі, то я гэтага дакладна не падзяляю», – сказаў ён.

Нагадаем, Маск актыўна падтрымліваў Трампа падчас выбарчай кампаніі. Пасля яго інаўгурацыі ён нават паказаў жэст, падобны да нацысцкага прывітання. У першыя месяцы другога тэрміну Трампа Маск узначальваў DOGE (Дэпартамент эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання), мэтай якога было скарачэнне дзяржаўных праграм і выдаткаў. Аднак у выніку сышоў з гэтай пасады.

Каментуючы выбарчую кампанію гэтага года, Маск адзначыў, што амерыканскія выбары – гэта не толькі грошы.

«Можна ўкласці шмат грошай у выбары, а вынік будзе адносна нязначным, і менавіта так ідуць справы ў гэтым выпадку», – сказаў ён, дадаўшы, што калі б мог вярнуцца назад, то патраціў бы менш грошай.