Скриншот видео
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на прапановы Аляксандра Лукашэнкі паляцець удваіх у Маскву на перамовы з Уладзімірам Пуціным.
Адказваючы на пытанні журналістаў пасля сумеснай прэс-канферэнцыі з венгерскім прэм’ерам 24 лістапада, Зяленскі назваў прапанову Лукашэнкі несур’ёзнай і заявіў, што падобнымі заявамі ён засмечвае інфармацыйную прастору.
«Мы знаходзімся ў стане вайны, мы не можам сустракацца ў Маскве, не можам сустракацца ў Кіеве. Мы ўсе гэта цудоўна разумеем. Калі хтосьці такое кажа — гэта проста несур’ёзная размова. То-бок гэты чалавек не набліжае нас да завяршэння вайны.
Ведаеце, можна прыйсці да дзяцей у школу і пажартаваць, бо ідзе вайна і для нас самае галоўнае — абарона нашых дзяцей. Хочацца хоць у нейкія моманты хаця б камусьці падняць настрой. І ўсё. Разумееце? Гэта адна гісторыя.
Але калі сур’ёзныя людзі прапануюць, ну, ведаеце, жартаўліва ставіцца да загінулых, да такой колькасці людзей… Ён жа паважае рускіх, ну, няхай сур’ёзна ставіцца да рускіх загінулых і гэтак далей.
Мы нібыта сур’ёзныя людзі, а ён прапануе мяне ўзяць. Я яму што, чамадан ці што? Узяць мяне на самалёт і паляцець у Маскву. Навошта?
Ведаеце, калі людзі засмечваюць інфармацыйную прастору зусім недзелавымі прапановамі, неканструктыўнымі, якія дакладна не прывядуць да заканчэння вайны. Я проста здзіўляюся», — заявіў Зяленскі.
«Ён можа ўзяць Пуціна і прыляцець разам з Пуціным у Кіеў. І мы таксама гарантуем ім бяспечны прыём», — прапанаваў Зяленскі ў адказ.
Нагадаем, у інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point Лукашэнка прапанаваў Зяленскаму разам адправіцца на сустрэчу з Пуціным у Маскву. “Вось мы з Валодзем Зяленскім маглі б сесці і прыляцець у Маскву. Разумееце, вось удваіх. Я як гарант яго бяспекі і іншае, я мог бы з ім сесці і прыляцець у Маскву. Сесці і пагаварыць”, — заявіў ён.