Фотаздымкі 1930-х гадоў, якія ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Польшчы. Яны звязаныя з радзімай Тадэвуша Касцюшкі – Косавам і Мерачоўшчынай. Варшава, Польшча. 9 кастрычніка 2026 года. Фота: Таццяна Капітонава / MALDZIS
Ініцыятыва Maldzis на аўкцыёне ў Польшчы набыла тры гістарычныя фотаздымкі 1930-х гадоў, звязаныя з радзімай Тадэвуша Касцюшкі – Косавам і Мерачоўшчынай. Сёння – 15 кастрычніка – адзначаецца 209-я гадавіна з дня ягонай смерці.
У будучыні фотаздымкі будуць перададзеныя ў Музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне.
«Слова «вяртанне» мае літаральны сэнс, – кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч. – Гэтыя фотаздымкі былі зробленыя ў Беларусі, захавалі сведчанні пра яе часовае польскае мінулае і цяпер вяртаюцца ў месца свайго ўзнікнення. Паколькі аўтар двух здымкаў Юзаф Шыманчык нарадзіўся і жыў у Косаве, а іх уладальнік Чэслаў Гаке працаваў там у 1930-я гады, то мы вяртаем яшчэ і частку спадчыны людзей, чые лёсы былі звязаныя з Беларуссю».
Галоўная знаходка – фатаграфія шыльды з барэльефным партрэтам Касцюшкі. Гэта памятная таблічка калісьці ўпрыгожвала дом у Мерачоўшчыне, дзе Тадэвуш нарадзіўся. Набыты здымак мае памер 10х14 см, датаваны 1936 годам і можа быць адзінай вядомай выявай мемарыяльнай шыльды.
На адваротным баку фатаграфіі ёсць рукапіснае тлумачэнне на польскай мове: «Шыльда на драўляным будынку ў Мерачоўшчыне каля Косава-Палескага. Зроблены здымак у 1936 годзе».
Мемарыяльную табліцу, імаверна, сарвалі ў 1939 годзе – пасля ўваходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і ўсталявання савецкай улады. Яе далейшы лёс невядомы.
На двух іншых фотаздымках аўтарства палескага дакументальнага фатографа Юзафа Шыманчыка зафіксаваны суседні палац Пуслоўскіх, што знаходзіцца ў Косаве побач з Мерачоўшчынай. Гэта адзін з самых пазнавальных архітэктурных помнікаў Беларусі. На першым фота бачны фрагмент палацавага фасада, на другім – агульны выгляд будынка з яго характэрнымі вежамі.
У 1944 годзе палац моцна пацярпеў ад пажару. У наступныя дзесяцігоддзі ён паступова ператвараўся ў руіны. Аднак у адрозненне ад гістарычнага дома Касцюшкі, яго сцены захаваліся. У нашыя дні палац быў адрэстаўраваны і зноў адкрыты для наведвальнікаў.
Фатаграфіі адносяцца да 1930-х гадоў. На адваротным баку аднаго са здымкаў пазначаны 1936 год.
На адваротных баках усіх трох здымкаў захаваліся штампы “Archiwum płk. dr. Czesława Hake” – архіў палкоўніка доктара Чэслава Гаке. Акрамя таго, на фота з выявамі палаца таксама ёсць штампы – падцвярджэнні аўтарства фатографа Юзафа Шыманчыка, які быў родам з беларускага Косава і пражыў там больш за 30 гадоў.
Шыманчык – вядомы ў Польшчы і амаль зусім невядомы ў нас прафесійны фатограф Палесся міжваенных часоў. Ён здымаў палескія краявіды і жыццё мясцовых жыхароў.
Яшчэ больш нечаканай аказалася гісторыя Чэслава Гаке. Гэты польскі вайсковец, педагог і спартовец, які стаў удзельнікам Другой сусветнай вайны і афіцэрам Арміі Краёвай, у 1935–1937 гадах жыў і працаваў менавіта ў Косаве-Палескім.
Час знаходжання Гаке ў Косаве супадае з датаваннем фатаграфій, набытых ініцыятывай MALDZIS. Таму цалкам магчыма, што яны трапілі ў ягоны архіў яшчэ ў 1930-я гады, непасрэдна ў Косаве.
Усе тры фотарарытэты былі набытыя на аўкцыёне ў Польшчы дзякуючы штомесячным ахвяраванням прыхільнікаў ініцыятывы. Наступныя зборы адкрытыя для ўсіх – падтрымаць іх можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram