IAPB сабрала амаль 42 тысячы дакументаў і запісала сведчанні амаль 3 тысяч чалавек аб рэпрэсіях у Беларусі

Міжнародная платформа па прыцягненні да адказнасці для Беларусі (IAPB) сабрала 41 876 дакументаў аб меркаваных міжнародных злачынствах у краіне. У яе базе захоўваюцца расшыфроўкі 3431 інтэрв’ю з 2975 сведкамі. З іх 1218 чалавек далі згоду на перадачу сваіх паказанняў органам, якія займаюцца расследаваннем такіх злачынстваў, паведаміла платформа у сваёй 11-й справаздачы.

З 1 красавіка па 30 верасня 2026 года IAPB апытала 64 пацярпелых і сведкаў. Яны расказалі аб затрыманнях, жорсткім абыходжанні ў зняволенні, а таксама аб дэпартацыях грамадзян Беларусі і замежнікаў у 2025 і 2026 гадах.

Акрамя базы сведчанняў, платформа сабрала больш за 2,34 млн матэрыялаў з 1171 адкрытай крыніцы. Сярод іх — больш за 450 тыс. відэазапісаў, 1,13 млн выяў і 766 тыс. тэкставых матэрыялаў.

За паўгода IAPB перадала аднаму з нацыянальных органаў крымінальнага правасуддзя два аналітычныя даклады. Адзін прысвечаны працы і ўмовам утрымання пад вартай у адной з устаноў Беларусі, другі — ключавым беларускім дзяржорганам. Платформа таксама рыхтавала даклад аб тым, хто ў беларускіх дзяржструктурах, мяркуючы па сабраных матэрыялах, можа несці персанальную адказнасць за злачынствы.

З 1 кастрычніка 2025 года псіхалагічную і псіхасацыяльную дапамогу ў рамках праграмы IAPB атрымалі яшчэ 109 чалавек. Усяго з моманту стварэння платформы гэтай падтрымкай скарысталіся 959 пацярпелых.

Трэці этап працы IAPB завяршыўся 30 верасня 2026 года. Платформа падрыхтавала праект, які прадугледжвае працяг працы да 30 верасня 2029 года. У справаздачы адзначаецца, што высокі ўзровень рэпрэсій у Беларусі па-ранейшаму ўскладняе яе працу.

IAPB стварылі ў сакавіку 2021 года для збору, праверкі і захавання доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. У платформу ўваходзяць праваабарончы цэнтр «Вясна», Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і дацкі інстытут супраць катаванняў DIGNITY. З пачатку працы платформа аказала садзейнічанне шасці нацыянальным органам крымінальнага правасуддзя, Офісу пракурора Міжнароднага крымінальнага суда і экспертам ААН.