Хрэнін праводзіць аператыўны збор каманднага складу. Пакажуць “аўтарскія” беспілотнікі

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін сёння праводзіць аператыўны збор каманднага складу Узброеных сіл. Паводле яго слоў, гэта частка сістэмы навучання. Збор праходзіць на адным з палігонаў.

“У рамках збору вам будуць дадзены рэкамендацыі па вырашэнні найбольш складаных задач падрыхтоўкі войскаў. Сучасныя тэндэнцыі развіцця сродкаў узброенай барацьбы паказваюць актыўнае ўкараненне супрацьлеглымі бакамі ва Украіне новых тэхналогій, якія дазваляюць весці бескантактавыя баявыя дзеянні з прымяненнем розных інавацый як для вядзення разведкі, нанясення агнявога паражэння, так і ў інтарэсах перамяшчэння людскіх і матэрыяльных рэсурсаў.

Тут жа пытанні падрыхтоўкі да прымянення агульнавайсковых падраздзяленняў, падраздзяленняў разведкі, сувязі, тылавога і тэхнічнага забеспячэння, мабільных агнявых груп, у тым ліку пры паўсюдным выкарыстанні беспілотных авіяцыйных комплексаў і рабатызаваных платформаў”, – сказаў міністр, адкрываючы мерапрыемства.

На першым этапе збору з яго ўдзельнікамі правядуць заняткі. Іх пазнаёмяць з сучаснымі падыходамі да навучання войскаў. Заняткі будуць праходзіць з прыцягненнем механізаваных і танкавых падраздзяленняў, разлікаў ударных беспілотных авіяцыйных комплексаў, разведкі, інжынерных войскаў, вайсковай СПА, падраздзяленняў РХБ абароны, тэхнічнага і тылавога забеспячэння. Удзельнікам збору прадэманструюць беспілотнікі, якія стаяць на ўзбраенні, і сродкі супрацьдзеяння ім.

“Сярод іх не толькі заводскія варыянты, але і так званыя аўтарскія распрацоўкі, створаныя рукамі саміх вайскоўцаў”, – дадаў Хрэнін.

Другі этап будзе прысвечаны ідэалагічнай апрацоўцы каманднага складу. Афіцэрам давядуць тэндэнцыі развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі, прадставяць стан сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне.

Фота: Мінабароны
Фота: Мінабароны
Фота: Мінабароны
Фота: Мінабароны
Фота: Мінабароны