Хрэнін і Белавусаў абмяркоўвалі «папераджальныя дзеянні» ў сувязі з абстаноўкай у Еўропе

Міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў заявіў, што абмяркоўваў з міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным «папераджальныя дзеянні» ў сувязі з дэградацыяй міжнароднай абстаноўкі. Пры гэтым застаецца шэраг палітычных пытанняў, якія патрабуюць вырашэння вярхоўных галоўнакамандуючых.

«Міжнародная абстаноўка працягвае дэградаваць. Яна застаецца вельмі складанай. Мала таго што складаная, яна становіцца ўсё больш і больш непрадказальнай. Мы бачым, што адбываецца ў Еўропе, на Блізкім Усходзе. І гэта патрабуе папераджальных дзеянняў», — заявіў Белавусаў.

Паводле яго слоў, гэтыя пытанні абмяркоўваліся на сустрэчы з Хрэніным.

«Якія яшчэ дзеянні, якія яшчэ задачы мы павінны паставіць перад сабой і вырашыць у самыя кароткія тэрміны на нашым узроўні. Ёсць цэлы шэраг палітычных пытанняў, якія, безумоўна, патрабуюць вырашэння вярхоўных галоўнакамандуючых», — расказаў кіраўнік Мінабароны РФ.

Белавусаў заявіў аб правядзенні сумесных мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі Беларусі і Расіі: баявое зладжванне злучэнняў і вайсковых часцей у складзе рэгіянальнай групоўкі, сумесныя вучэнні, у тым ліку ў рамках АДКБ, паведамляе БелТА.

Міністр абароны РФ звярнуў увагу, што ў расійскіх ваенных ВНУ цяпер вучацца 418 беларускіх вайскоўцаў.

«Працягваем рыхтаваць ваенныя кадры ў адукацыйных арганізацыях Мінабароны Расіі. У цяперашні час у 24 ваенных ВНУ па адзіным вучэбным плане і праграмах навучаюцца 418 беларускіх вайскоўцаў.

Па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях арганізавана вучоба на базе расійскага Міжвідавога цэнтра баявой падрыхтоўкі ў Муліна. У інтарэсах Узброеных Сіл Беларусі ў ім прайшлі навучанне 1315 чалавек. Працягваем надаваць павышаную ўвагу супрацоўніцтву ў ваенна-тэхнічнай сферы», — заявіў ён.