Грузавы самалёт КСІР зачасціў у Мінск

Цяжкі грузавы Boeing 747 авіякампаніі Qeshm Fars Air з бартавым нумарам EP-FAB трэці раз за некалькі апошніх тыдняў прылятае ў Мінск. Авіякампанія і яе самалёт знаходзяцца пад санкцыямі ЗША з 2019 года за супрацоўніцтва з КСІР у пастаўках зброі.

Мяркуючы па даных сэрвісу flightradar24.com, борт вылецеў з Тэгерана ў 1:00 AM UTC і прыбыў у Мінск у 6:18 AM UTC.

Да гэтага самалёт прылятаў у Мінск 26 жніўня. 27 жніўня EP-FAB вылецеў з Мінска і здзейсніў амаль пяцігадзінны палёт над тэрыторыяй Расіі, а затым зноў вярнуўся ў беларускую сталіцу. На наступны дзень, 28 жніўня, ён паляцеў у Тэгеран. Манеўры іранскага “грузавіка” прыцягнулі ўвагу ўкраінскіх СМІ.

***

Грузавы Boeing 747-281F(SCD) з бартавым нумарам EP-FAB належыць іранскай грузавой авіякампаніі Qeshm Fars Air.

24 студзеня 2019 года OFAC унесла ў санкцыйны спіс авіякампанію Qeshm Fars Air і два яе Boeing 747, уключаючы EP-FAB. Амерыканскі Мінфін сцвярджае, што перавозчык кантраляваўся Mahan Air і выконваў грузавыя рэйсы ў інтарэсах падраздзялення «Кудс» Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, у тым ліку дастаўляў у Сірыю зброю і іншую ваенную маёмасць.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!