Групу кібермахляроў прыгаварылі да 8,5-10 гадоў калоніі

Суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў пецярых чалавек да пазбаўлення волі на тэрміны ад 8,5 да 10 гадоў па абвінавачанні ў кібермахлярстве (ч. 4 арт. 209, ч. 4 арт. 212 КК). Шкода, нанесеная абвінавачанымі, ацэньваецца больш як у 2,5 млн рублёў.

На судзе было дапытана больш за 1700 сведак і пацярпелых. Суд задаволіў каля 1500 грамадзянскіх іскаў аб кампенсацыі маёмаснай і маральнай шкоды, паведамляе прэс-служба суда.

Абвінавачаныя шукалі «дропаў», якія афармлялі на сваё імя карткі і рахункі і за ўзнагароджанне перадавалі іх рэквізіты ўдзельнікам групы. Рэквізіты адпраўляліся «залівальніку» за мяжой. Ён пераводзіў грошы на карткі і рахункі, а абвінавачаныя здымалі іх наяўнымі праз банкаматы і абменьвалі на крыптавалюту.

Акрамя гэтага, абвінавачаныя размяшчалі ў інтэрнэце аб’явы аб здачы ў арэнду кватэр, а пасля атрымання перадаплаты за браніраванне пераставалі выходзіць на сувязь.

Таксама ўдзельнікі групы тэлефанавалі пацярпелым, прадстаўляючыся супрацоўнікамі банкаў, і пераконвалі іх даць доступ да сваіх рахункаў.

Абвінавачаных прыгаварылі да тэрмінаў пазбаўлення волі ад 8,5 да 10 гадоў і штрафаў ад 8500 да 22 000 рублёў. Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!