Гродзенскага прадпрымальніка асудзілі на 3 гады з адтэрміноўкай па справе аб «драбленні бізнесу»

Гродзенскага прадпрымальніка прызналі вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады са штрафам у памеры 2000 базавых велічынь (90 тыс. рублёў), без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады і ажыццяўляць пэўную дзейнасць. Суд пры гэтым ужыў адтэрміноўку выканання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады.

Як вынікае з паведамлення пракуратуры, справа 55-гадовага прадпрымальніка была звязаная з так званым драбленнем бізнесу.

«Абвінавачаны з 2016 года па 2021 год ажыццяўляў дзейнасць па здачы ў арэнду аб’ектаў нерухомасці ад свайго імя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама ад імя яшчэ чатырох суб’ектаў гаспадарання, зарэгістраваных на блізкіх сваякоў. „Штучна“ створаныя суб’екты гаспадарання дазвалялі размяркоўваць выручку ад прадпрымальніцкай дзейнасці ІП абвінавачанага такім чынам, каб не дапусціць перавышэння ўстаноўленых межаў валавай выручкі для ІП, пры перавышэнні якіх абвінавачаны не змог бы прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Сума шкоды была ацэненая ў 930 тыс. рублёў. Абвінавачаны прызнаў сваю віну і кампенсаваў шкоду.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!