Грамадзянку Беларусі асудзілі ў ЗША на 12 месяцаў пазбаўлення волі за пастаўкі авіяабсталявання ў Расію

Мінюст ЗША паведаміў аб вынясенні прысуду грамадзянцы Беларусі Яне Леонавай. Яна прызнана вінаватай у незаконным экспарце авіёнікі і іншага авіяцыйнага абсталявання з ЗША ў Расію. Суд прызначыў ёй пакаранне ў 12 месяцаў і адзін дзень пазбаўлення волі. Пасля адбыцця пакарання яна павінна быць дэпартаваная.

Леонава 20 мая прызнала сябе вінаватай. Цяпер вынесены прысуд.

Яе затрымалі ў Францыі ў верасні 2024 года, а ў лістападзе 2025 года экстрадавалі ў ЗША.

Згодна з абвінавачаннем, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Леонава ў маі 2022 года пры садзейнічанні саўдзельнікаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі ЗША, арганізавала незаконныя закупкі і вываз у Расію авіяцыйнага абсталявання і іншых камплектуючых. Тавары прызначаліся для прыватных самалётаў кампаніі, якія эксплуатаваліся былым наймальнікам Леонавай — кампаніяй, уключанай у санкцыйны спіс Міністэрства гандлю ЗША.

Сцвярджаецца, што Леонава і яе саўдзельнікі набывалі авіядэталі ў амерыканскіх пастаўшчыкоў, а затым перапраўлялі іх у Расію праз кампаніі-пасярэднікі, зарэгістраваныя ў Арменіі, на Мальдывах і ў іншых краінах, без атрымання неабходных экспартных ліцэнзій. Пры гэтым інфармацыя аб сапраўдных канчатковых карыстальніках і пунктах прызначэння хавалася і скажалася.