Грамадзянка Літвы стала фігуранткай крымінальнай справы з-за правозу валюты праз мяжу

У Беларусі распачата крымінальная справа ў дачыненні да грамадзянкі Літвы. Яна расследуецца паводле ч. 2 арт. 228 КК, якая прадугледжвае адказнасць за правоз буйных сум праз мяжу без дэкларавання.

Як паведамілі ў ДМК, жанчына ехала на аўтобусе Вільнюс-Гродна. Падчас вуснага апытання яна заявіла мытнікам, што пры ёй усяго толькі 100 еўра. Аднак на дне дарожнай сумкі іншаземкі быў знойдзены пакет, у якім знаходзілася 50 тыс. еўра. Яшчэ 2,5 тыс. еўра ляжалі ў канверце ў кішэні сумкі.

Нагадаем, што праз мяжу без дэкларавання можна перамяшчаць не больш за 10 тыс. долараў. Калі сума, схаваная ад мытні, перавышае 30 тыс. долараў, надыходзіць крымінальная адказнасць.