МиГ-29.
Грамадзянін Украіны падазраецца ў перадачы Беларусі праграмнага забеспячэння для стацыянарнага комплекснага трэнажора КТС-21М, прызначанага для падрыхтоўкі ваенных лётчыкаў.
Як паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на інфармаваную крыніцу, у справе фігуруюць некалькі грамадзян Украіны. Адзін з іх нібыта працуе ў Беларусі ў ЗАТ «Група вытворчых тэхналогій і авіябудавання «Аэрамаш», размешчаным у Мачулішчах пад Мінскам.
Прадпрыемства займаецца распрацоўкай, вытворчасцю, рамонтам і мадэрнізацыяй авіяцыйнай тэхнікі, а таксама стварэннем і абслугоўваннем авіяцыйных трэнажораў. На трэнажорах КТС-21М праводзіцца падрыхтоўка пілотаў ваенных самалётаў МіГ-29.
Паводле версіі ўкраінскага следства, перадача праграмнага забеспячэння ў абыход санкцый і правілаў міжнароднай перадачы тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння адбылася не пазней за чэрвень 2025 года праз адзін з месенджараў. За гэта падазраваны нібыта атрымаў 1 тысячу долараў. Атрымальнікам інфармацыі стаў яго былы калега па Інстытуце аўтаматызаваных сістэм Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.
Да гэтага ўкраінец працаваў канструктарам модульных электронных авіяцыйных трэнажораў для ваенных верталётаў Мі-8 і Мі-24, знішчальнікаў МіГ-29 і ваенна-транспартных самалётаў Іл-76.
Па месцы жыхарства падазраванага правялі ператрус. Следчыя канфіскавалі электронныя носьбіты інфармацыі і мабільныя тэлефоны. Ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Раней расследавальнікі заяўлялі, што больш за 100 беларускіх прадпрыемстваў выконваюць ваенныя заказы для Расіі.