Грамадзяніна Беларусі абвінавачваюць у адмыванні грошай у Эстоніі

У Эстоніі прад’яўлена абвінавачанне ў адмыванні грошай 47-гадоваму грамадзяніну Беларусі. Паводле версіі пракуратуры, ён дзейнічаў у складзе групы і за тры месяцы правёў аперацыі з наяўнымі і крыптавалютай на суму больш за 861 тыс. еўра.

Як паведамляе Delfi, група дапамагала легалізоўваць злачынныя даходы, абменьваючы наяўныя на крыптавалюту і крыптавалюту на наяўныя, каб схаваць сапраўднае паходжанне грошай і іх уладальніка. Сярод кліентаў “пральні” быў і адзін чалавек, асуджаны за нарказлачынствы.

Група выкарыстоўвала розныя прыёмы і сродкі ананімізацыі, напрыклад, пры сустрэчы ўдзельнікі здзелак пазнавалі адзін аднаго па нумары банкноты, які загадзя перадаваўся праз праграму для зносін.

Паводле версіі абвінавачання, грамадзянін Беларусі арганізоўваў здзелкі, а таксама і сам удзельнічаў у іх. Мужчыну затрымалі 13 чэрвеня гэтага года. Ён быў змешчаны пад варту. На тым тыдні яму падоўжылі тэрмін арышту.