Грамадзянін Кеніі знік у лесе каля беларуска-латвійскай мяжы. Яго сям’я просіць дапамогі ў пошуках

Сям’я грамадзяніна Кеніі Абдзі Ібрагіма Адана просіць кенійскія ўлады дапамагчы знайсці яго. Адан знік у лесе на беларускім баку мяжы з Латвіяй, дзе яму стала дрэнна і ён не змог працягваць шлях разам з групай. Кенійскі журналіст Ясін Джума паведаміў, што адна з яго спадарожніц, грамадзянка Кеніі Хабіба, памерла ад пераахаладжэння.

Родныя ў Найробі даведаліся пра паездку Адана, калі ён патэлефанаваў ім з Беларусі. Ён збіраўся рухацца далей. Сястра, Сіман Кадэй Мумін, угаворвала яго павярнуць назад — яна баялася, што ён не вытрымае холаду ў лесе. Пра гэта яна расказала Джуме, які апублікаваў яе расказ у Facebook.

Паводле даных Джумы, у Мінску група звязалася з правадніком, вядомым як Мукалас. Ён павёў яе да латвійскай мяжы. Латвійскія памежнікі перахапілі семярых удзельнікаў групы, у тым ліку траіх грамадзян Кеніі, і выцеснілі іх назад у Беларусь. Людзі апынуліся ў прыгранічным лесе. Там, паводле звестак журналіста, Хабіба памерла ад пераахаладжэння. Для яе пахавання ў Беларусі чакаюць згоды сям’і.

Што вядома пра знікненне Адана

Мумін паведаміла пра знікненне старэйшага брата 12 лістапада. Тады яна напісала, што спадарожнікі Адана расказалі сям’і, што ён быў нездаровы і што яны згубілі адзін аднаго каля мяжы. У англамоўным звароце яна ўдакладніла, што, паводле слоў спадарожнікаў, яны пакінулі яго ў лесе, калі ён настолькі аслабеў, што больш не мог ісці. Раён знікнення яна пазначыла як «Kent 149», а ў публікацыі на самалійскай — як «Forest 149».

Джума апісвае знікненне інакш. Паводле расказу тых, хто выжыў, які прыводзіць журналіст, у Адана былі моцныя болі ў жываце і ваніты, ён з цяжкасцю хадзіў. Пасля ночы на марозе ён пайшоў па ваду і больш не вярнуўся. Спадарожнікі клікалі яго і прайшлі каля кіламетра ў бок галоўнай дарогі, але слядоў не знайшлі. Неўзабаве астатніх удзельнікаў групы затрымалі беларускія вайскоўцы. У Мінск вярнуліся пяцёра.

Сям’я просіць дапамогі ў кенійскіх дыпламатаў

У адным са зваротаў Мумін напісала, што са знікнення брата прайшло дзевяць начэй. Да таго моманту яго шукалі ў лесе з папярэдняга дня, але не знайшлі. Хто ўдзельнічаў у пошуках, яна не ўдакладніла.

«Мы вельмі перажываем з-за марозу і суровых умоў надвор’я. Мы баімся найгоршага, але ўсё яшчэ спадзяёмся», — напісала яна.

Як расказала Мумін Джуме, сям’я звязалася з мясцовым каардынатарам. Той сказаў, што для пашырэння пошукаў і прыцягнення дадатковых вайскоўцаў уладам патрэбны ліст ад пасольства Кеніі з пацвярджэннем грамадзянства Адана і звесткамі пра тое, дзе ён знік. Мумін папрасіла адгукнуцца тых, у каго ёсць інфармацыя пра брата або кантакты кенійскіх дыпламатаў, гуманітарных арганізацый і ратавальнікаў. Пазней яна заклікала распаўсюдзіць аб’яву пра яго знікненне.