Фото: Straż Granicznа
Памежнікі Вармінска-Мазурскага ваяводства правялі аперацыю, у выніку якой былі затрыманыя пяць чалавек, датычных да паветранай кантрабанды.
Як паведамілі ў Памежнай ахове Польшчы, 20 кастрычніка паступіла інфармацыя, што метэазонды ляцяць на тэрыторыю ваяводства. Памежнікі разам з паліцыяй дзейнічалі ў чатырох паветах рэгіёна.
У выніку было канфіскавана 660 тыс. цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Затрыманыя чатыры грамадзяніны Літвы і адзін грамадзянін Беларусі, якія прыехалі па тытунёвыя вырабы.
Па рашэнні суда ўсе пяцёра былі заключаныя пад варту. Ім выстаўленыя абвінавачанні ва ўчыненні падатковых злачынстваў, а таксама ў адпаведнасці з законам аб спецыяльных мерах па супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароне нацыянальнай бяспекі.
Трэба адзначыць, што звычайна метэазонды з кантрабандай прызямляюцца на тэрыторыі Падляскага і Люблінскага ваяводстваў, якія непасрэдна мяжуюць з Беларуссю. Каб трапіць у Вармінска-Мазурскае ваяводства, метэазондам трэба было пераадолець 50-100 км у паветранай прасторы Польшчы.