Гомельскае прадпрыемства павінна вярнуць у бюджэт 1,6 млн рублёў, выдзеленых на распрацоўку спецыялізаванага прамысловага абсталявання, якое так і не было створана. Парушэнні выявіў Камітэт дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці.
Праца над праектам працягвалася амаль два гады, аднак прадпрыемства не змагло вырабіць абсталяванне, якое адпавядае тэхнічнаму заданню і канструктарскай дакументацыі. Акрамя таго, прадпрыемства прад’явіла да кампенсацыі з бюджэту выдаткі на заробак навуковых супрацоўнікаў, якія фактычна не ўдзельнічалі ў распрацоўцы абсталявання.
Па прапанове КДК Міністэрства прамысловасці прыняло рашэнне вярнуць у бюджэт сродкі, выдаткаваныя на выраб абсталявання. На гэты момант вернута больш за 400 тысяч рублёў. Кампенсацыя астатняй сумы застаецца на кантролі, паведамілі ў прэс-службе КДК.