Гомельца будуць судзіць па абвінавачанні ў забойстве цяжарнай жонкі

Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 27-гадовага жыхара Гомеля. Ён абвінавачваецца ў катаванні цяжарнай жанчыны і яе забойстве з асаблівай жорсткасцю (ч.2 арт.154, п.3, 6 ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэкса).

Паводле версіі абвінавачання, мужчына ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама пасля ўжывання псіхатропаў са жніўня 2025 года па сакавік 2026 года сістэматычна збіваў сваю жонку. Мужчына біў жонку ў сваякоў, знаёмых, на месцы працы. Ён наносіў удары ў галаву, цягаў за валасы. Пры гэтым абвінавачаны ведаў, што жанчына была цяжарная.

“У канцы сакавіка 2026 года нецвярозы абвінавачаны ў здымнай кватэры з мэтай забойства жанчыны нанёс ёй з асаблівай жорсткасцю не менш за 35 удараў рукамі, нагамі і іншымі тупымі прадметамі па розных частках цела. Каля 12 удараў прыйшлося ў вобласць галавы.

Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў пацярпелая памерла на месцы здарэння. На момант забойства тэрмін цяжарнасці складаў не менш за 10 тыдняў”, – расказалі ў пракуратуры.

Абвінавачаны застаецца пад вартай да суда.