«Гётэ-інстытут у выгнанні» спыніў працу

Гётэ-Інстытут спыняе праграму «Гётэ-інстытут у выгнанні». Інфармацыя пра гэта з’явілася ў сацсетках інстытуцыі. Прычынай сталіся «шматлікія глабальныя крызісы».

«Востры ціск на нашы структуры, уключаючы абмежаваныя фінансавыя рэсурсы, больш не дазваляюць нам працягваць праграму»,паведамляецца ў допісе.

У выніку ўсе мерапрыемствы, запланаваныя на 23 лютага 2026 года, адмяніліся.

Тым не менш Гётэ-Інстытут працягвае прыцягваць мастакоў-эмігрантаў да ўдзелу ў міжнародных культурных праграмах і «прыўносіць іх погляды ў нямецкі і сусветны дыскурс».

Праграма «Гётэ-інстытут у выгнанні» была месцам сустрэчы, прасторай для дыскусій і сцэнай для мастакоў з краін, якія падвяргаліся рызыцы, дзе інстытуты былі вымушаныя зачыніцца з-за вайны і цэнзуры. Гэта дазволіла прыцягнуць увагу да гісторый пра ўцёкі і памежны досвед, пра новыя пачынанні і пра мастацкую разнастайнасць дыяспар.

З ініцыятывы і з падтрымкай «Гётэ-інстытута ў выгнанні» праходзілі і беларускія мерапрыемствы за мяжой: дыскусіі, канцэрты, перформансы, прэзентацыі кніг, кінапаказы, спектаклі, выставы, варкшопы. Напрыклад, у сакавіку 2024 года «Гётэ-інстытут у выгнанні» ініцыяваў вялікі міждысцыплінарны фестываль беларускай культуры. Ён стаў сцэнай, жывой пляцоўкай для абмеркавання і разважанняў для беларускіх мастакоў і культурных дзеячаў, якія былі вымушаныя пакінуць родную краіну з-за драматычнай сітуацыі ў краіне за апошнія тры гады і жылі ў выгнанні ў Берліне, Варшаве, Кракаве, Вільні або Тбілісі. Больш за 50 тэатральных дзеячаў, кінематаграфістаў, аўтараў, паэтаў, музыкантаў, філосафаў, мастакоў і актывістаў з Беларусі прадставілі разнастайную міждысцыплінарную праграму.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!