Фото: "Белшина"
Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў сустрэчу з губернатарам Омскай вобласці РФ Віталем Хацэнкам, каб паскардзіцца на планы стварэння ў суседняй краіне канкурэнта для “Белшыны”. На яго думку, калі Беларусь вырабляе нейкі тавар, то Расія павінна купляць толькі яго, не спрабуючы стварыць аналагічную вытворчасць або імпартаваць з трэціх краін. Гэта Лукашэнка называе абаронай агульнага рынку.
“Думаю, што калі Беларусь можа забяспечыць патрэбы рынку Расіі па нейкіх напрамках, трэба выкарыстоўваць гэта. Калі мы можам выкарыстоўваць расійскі тавар у дастатковай колькасці, не трэба ствараць вытворчасць. І закупляць не трэба. Трэба падумаць над гэтым. Каб абараніць агульны рынак Расіі і Беларусі. Там, дзе можна сваім найбліжэйшым саюзнікам ствараць умовы для развіцця з карысцю для самой Расіі, – гэта трэба рабіць”, – цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Ён дадаў, што стварэнне канкуруючых вытворчасцей унутры так званай Саюзнай дзяржавы непрымальнае.
“Гэта зусім нікуды не варта”, – заўважыў ён.
Лукашэнка таксама назваў канкрэтны прадмет сваёй незадаволенасці. Гэта планы па стварэнні ў Расіі вытворчасці буйнагабарытных шын. Расійскі холдынг “Кордиант” мае ў Омску дзве пляцоўкі, у тым ліку “Омскшину”, якая спецыялізуецца на выпуску шын для грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў і спецыяльнай тэхнікі пад брэндамі OMSKSHINA і TyRex CRG і філіял АТ «Кордиант», які выпускае легкавыя і легкагрузавыя шыны, а таксама шыны для пазадарожнікаў пад брэндамі Cordiant і Tunga. Сёлета холдынг атрымаў дазвол на будаўніцтва ў асаблівай эканамічнай зоне “Авангард” завода звышбуйнагабарытных шын для кар’ерных самазвалаў і іншай цяжкай тэхнікі. Завод будзе першым падобным у РФ, запуск вытворчасці плануецца ў канцы 2028 – пачатку 2029 года.
У апошнія гады “Белшына” рэалізавала такі праект, уклаўшы ў яго буйныя сродкі.
Ён таксама нагадаў, што ў Беларусі захаваліся многія кампетэнцыі і вытворчасці з часоў СССР. Яны мадэрнізаваліся і развіваліся.
“Руйнаваць нічога нельга. Трэба працаваць па-кітайску. Як мне Сі Цзіньпін нядаўна сказаў: “Наш поспех заключаецца ў тым, што мы папярэдні досвед не разбуралі, не знішчалі, мы яго ўдасканальвалі і рухаліся наперад”. У значнай ступені гэта адпавядае беларускаму курсу развіцця”, – сказаў ён.
Гаворачы пра напрамкі супрацоўніцтва з Омскай вобласцю, Лукашэнка назваў стварэнне цэнтраў абслугоўвання тэхнікі.
«Вельмі важна ствараць цэнтры. Мы стваралі два мультыбрэндавыя цэнтры для абслугоўвання тэхнікі. Таму што выдатна разумеем, паставіць тэхніку – гэта адно. Якая б яна ні была якасная, з ладу вузлы, агрэгаты з часам выходзяць і яе трэба абслугоўваць», – сказаў ён.
Ён таксама прапанаваў Омскай вобласці закупляць беларускую пасажырскую тэхніку.
«Ведаю, што ў вас добрая праграма, мне падабаецца, калі на людзей звяртаюць увагу, па развіцці пасажырскага транспарту. Як бы ні імкнуліся купіць аўтамабіль, прыстойная частка насельніцтва перамяшчаецца на пасажырскім транспарце. Мы можам прапанаваць вам адрамантаваць і купіць добрыя трамваі», – сказаў ён.
Лукашэнка выказаў гатоўнасць удзельнічаць у мадэрнізацыі лагістычных цэнтраў і аэрапортаў у рэгіёне, прапаноўваючы будаўнічыя паслугі. Ён таксама прапанаваў госцю пазнаёміцца з беларускімі напрацоўкамі ў сферы сельскай гаспадаркі.