Генштаб УСУ: РФ выкарыстала рэжым цішыні ў Алешках для ўладкавання пазіцый

Расія выкарыстала рэжым цішыні, уведзены ў раёне Алешак для правядзення гуманітарнай аперацыі, для ратацыі войскаў і ўладкавання пазіцый. Пра гэта сёння заявіў Генштаб Узброеных сіл Украіны.

“У рамках уведзенага рэжыму спынення агню для гуманітарнай аперацыі ў Алешках падраздзяленні Сіл абароны Украіны забяспечылі выкананне рэжыму цішыні і дзейнічалі выключна ў межах дасягнутых дамоўленасцяў”, – падкрэслілі ў Генштабе.

Адначасова, паводле яго інфармацыі, расійскія войскі, якія кантралююць населены пункт, выкарысталі паўзу ў сваіх мэтах.

“За час рэжыму цішыні зафіксаваныя ратацыя расійскіх падраздзяленняў, умацаванне пазіцый, пашырэнне антыдронавых сродкаў на дарогах і нарошчванне лагістыкі, у тым ліку падвоз боепрыпасаў”, – гаворыцца ў паведамленні.

Рэжым спынення агню ў раёне Алешак дзейнічаў з 27 кастрычніка па 1 лістапада.