Генпракурор правёў пасяджэнне “камісіі па вяртанні”

Генпракурор Дзмітрый Гара правёў чарговае пасяджэнне Камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў.

“На разгляд Камісіі вынесеныя звароты, па якіх праведзеныя праверачныя мерапрыемствы. У зваротах, якія паступілі, грамадзяне заявілі пра жаданне вярнуцца ў Беларусь, весці законапаслухмяны лад жыцця, паважаць нацыянальную сімволіку і традыцыі”, — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

Колькасць зваротаў, разгледжаных на пасяджэнні, не называецца. Генпракуратура толькі фармальна інфармуе пра прынятыя рашэнні: гэта паведамленні аб адсутнасці на дату звароту распачатых адміністрацыйных працэсаў і крымінальных спраў альбо аб працэсуальным статусе тых, хто звярнуўся, у выпадку наяўнасці адміністрацыйных працэсаў і крымінальных спраў.