Арт-объект "Герб Могилева" на ул. Крупской. Фото: "Могилев онлайн"
У Генеральнай пракуратуры Беларусі прайшоў круглы стол, на якім абмяркоўваліся пытанні супрацьдзеяння экстрэмізму. Абмяркоўваліся прабелы ў заканадаўстве аб «экстрэмізме», рэгіянальныя геральдычныя сімвалы з «экстрэмісцкімі» элементамі і доступ да «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Нацыянальнай бібліятэцы.
Круглы стол быў арганізаваны НПЦ праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры сумесна з Генпракуратурай. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі Генпракуратуры, Вярхоўнага суда, Геральдычнага савета пры прэзідэнце, КДБ, Следчага камітэта, ГУБАЗіКа, НПЦ ДКСЭ, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Інстытута гісторыі НАН.
Намеснік дырэктара НПЦ Генпракуратуры Алег Русецкі узняў пытанне аб геральдычных сімвалах. Нагадаем, выява «Пагоні» сустракаецца на гербах некаторых беларускіх гарадоў — Магілёва, Лепеля, Рэчыцы, Верхнядзвінска.
Русецкі прапанаваў правесці рэвізію сімволікі, якая была зацверджана «без уліку дзяржаўнай ідэалогіі».
«Геральдычныя сімвалы — гэта не проста атрыбутыка. Яны служаць выяўленнем ідэй і сэнсаў, непасрэдна ўздзейнічаюць на свядомасць і паводзіны грамадзян. Іх выявы, сфарміраваныя ў адрыве ад рэальнасці і без уліку дзяржаўнай ідэалогіі, могуць служыць прычынамі і ўмовамі экстрэмізму. Сёння ўяўляецца неабходнай рэвізія рэгіянальнай сімволікі з улікам замацаваных Дырэктывай кіраўніка дзяржавы №12 асноў і патрабаванняў нацыянальнай ідэалогіі», — заявіў прадстаўнік Генпракуратуры.
Сакратар Геральдычнага савета пры прэзідэнце Алег Странькоўскі заявіў аб недапушчальнасці выкарыстання афіцыйных сімвалаў у экстрэмісцкіх мэтах.
«Выкарыстанне геральдычных сімвалаў павінна быць строга рэгламентавана. Мы бачым спробы дыскрэдытацыі афіцыйных сімвалаў. І гэта патрабуе адэкватнага прававога рэагавання», — лічыць ён.
Таксама абмяркоўваліся пытанні заканадаўства аб «экстрэмізме» і праблемы правапрымянення.
Начальніца аддзела НПЦ Генеральнай пракуратуры Алена Кароціч звярнула ўвагу, што ў заканадаўстве дагэтуль няма вызначэння паняцця «прапаганда экстрэмізму», а гэта важна пры вызначэнні мер адказнасці.
«Вызначэнне сутнасці гэтых паняццяў — і прапаганды, і заклікаў, і распаўсюджвання — з пазіцыі іх прававой вызначанасці, з нашага пункту гледжання, мае вялікае практычнае значэнне», — заявіла яна.
Кароціч таксама ўзняла пытанне аб прававым рэжыме спецыяльных фондаў для захоўвання «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Яна прапанавала замацаваць у заканадаўстве прававы рэжым і «факт самога існавання падобнага фонду».
Намеснік генеральнага дырэктара Нацбібліятэкі Віктар Пшыбытка заявіў, што ў бібліятэцы ёсць фонд закрытых дакументаў, і падтрымаў ідэю вызначыць яго прававы статус.
«Нацыянальная бібліятэка строга выконвае патрабаванні заканадаўства. Разам з тым мы адкрытыя для канструктыўнага абмеркавання пытанняў, звязаных з прававым рэжымам захоўвання матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі, і парадку доступу да іх даследчыкаў», — заявіў ён.
Суддзя Вярхоўнага суда Ігар Шведаў звярнуў увагу на праблему з дакладнымі фармулёўкамі складу «экстрэмісцкіх» злачынстваў, каб не дапусціць неадназначнага тлумачэння.
Прадстаўніца НПЦ Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Юлія Яроцкая адзначыла лазейкі, якія дазваляюць рэсурсам са спіса «экстрэмісцкіх матэрыялаў» працягваць працу, змяніўшы лагатып або назву. Яна прапанавала ўносіць у спіс «пэўную Telegram-групу з магчымымі далейшымі мадыфікацыямі і відазмяненнямі назвы і лагатыпа».