Gazeta Wyborcza распавяла, як праходзілі перамовы аб вызваленні Пачобута

Gazeta Wyborcza распавяла, як праходзілі перамовы аб вызваленні палітвязня Анджэя Пачобута, які апынуўся на свабодзе пасля абмену, праведзенага на польска-беларускай мяжы ў аўторак.

Намеснік галоўнага рэдактара выдання Барташ Веліньскі ўчора першым сустракаў Пачобута на мяжы разам з супрацоўнікамі польскіх спецслужбаў. Яго задачай было апазнаць журналіста, які быў карэспандэнтам Gazeta Wyborcza ў Беларусі. Веліньскі ж і апісаў, што засталося за кулісамі перамоваў.

Паводле яго слоў, арышт і суд над Пачобутам у Беларусі стаў адным з галоўных камянёў спатыкнення ў адносінах паміж краінамі. На фоне гібрыдных атак беларускі бок хацеў гаварыць пра паляпшэнне адносін і адкрыццё пагранпераходаў, але ў Варшаве адказвалі адно: Пачобут.

Новы раўнд перамоваў пачаўся пасля змены ўрада ў Польшчы. Вясной 2024 года высокапастаўленая польская дыпламатка адправілася ў Мінск для неафіцыйных перамоваў. У яе была запланавана сустрэча з калегам у МЗС Беларусі. Падчас размовы ў пакой увайшоў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і папрасіў звязацца са сваім польскім калегам Радаславам Сікорскім. Польская дыпламатка дастала тэлефон і патэлефанавала ў Варшаву. Сікорскі выказаў гатоўнасць весці перамовы аб вызваленні Пачобута.

Аднак перамовы хутка зайшлі ў тупік пасля таго, як у маі 2024 года ў Беларусь уцёк польскі суддзя Томаш Шмідт. Адносіны паміж Мінскам і Варшавай зноў рэзка пагоршыліся.

Барташ Веліньскі таксама піша, што манаха Гжэгажа Гавела ўчора абмянялі на афіцэра казахстанскай ваеннай разведкі, які працаваў у Кіеве пад выглядам дыпламата і ваеннага аташэ. У мінулым годзе яго арыштавалі ў Польшчы ў сувязі са шпіёнскай дзейнасцю. Пры гэтым дыпламатычны імунітэт не абараніў казахстанца ў Польшчы.

Аўтар матэрыялу таксама ўзгадвае падзеі 2024 года, калі быў праведзены абмен паміж РФ і ЗША, у выніку якога Польшча аддала расійскага шпіёна Паўла Рубцова. У польскіх спецслужбах распавялі, што пытанне вызвалення Пачобута тады таксама ўздымалася. Амерыканцы перадалі гэты запыт расіянам, але тыя сказалі звяртацца да беларусаў. Адносіны паміж адміністрацыяй тагачаснага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і Мінскам былі халоднымі. Разам з тым амерыканскі бок паабяцаў уключыць Пачобута ў наступны абмен. Аднак ён не адбыўся. Кандыдат дэмакратаў Камала Харыс прайграла выбары, і Масква вырашыла не весці перамовы з адыходзячай адміністрацыяй, чакаючы з’яўлення ў Белым доме Дональда Трампа, які абяцаў скончыць расійска-ўкраінскую вайну за 24 гадзіны.

У мінулым годзе актывізаваліся перамовы паміж адміністрацыяй Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам, якія вёў спецпасланнік Джон Коўл. Імя Пачобута заўсёды знаходзілася на высокім месцы ў спісе амерыканскіх патрабаванняў.

Паводле слоў Веліньскага, Анджэя Пачобута павінны былі вызваліць у канцы кастрычніка 2025 года. Прадстаўнікі польскіх і беларускіх спецслужбаў прапрацоўвалі дэталі на сустрэчах у Баку. Самога аўтара артыкула апавясцілі аб меркаваным абмене за 1,5 дня да яго даты. Ён перапыніў паездку ў Ерэван і вярнуўся ў Польшчу. Аднак высветлілася, што Аляксандр Лукашэнка адмяніў абмен. Афіцыйнай прычынай была названа салідарнасць Польшчы з Літвой. Тады Літва закрыла мяжу з Беларуссю з-за налётаў метэазондаў кантрабандыстаў, а Польшча якраз збіралася адкрыць два пункты пропуску і была вымушана адкласці гэты крок з салідарнасці з суседам і партнёрам па Еўрасаюзе.

Суразмоўцы выдання прызналі, што гэта адбылося з-за ціску Расіі. Кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў якраз знаходзіўся ў Мінску. У артыкуле выказваецца здагадка, што Масква разглядала абмен як прыкмету празмернай незалежнасці Мінска.

Дадаткова адносіны пагоршыліся з-за пераезду Святланы Ціханоўскай у Варшаву.

Прыкладна ў гэты ж час у Польшчы былі затрыманы расійскі археолаг Аляксандр Буцягін і казахстанскі дыпламат-шпіён.

Перамовы аб вызваленні Анджэя Пачобута сталі шматбаковымі. Акрамя Польшчы, Беларусі і ЗША, у іх ужо былі ўцягнуты Расія і Казахстан.

Крыніца Gazeta Wyborcza ў спецслужбах распавяла, што польскі бок звярнуўся да расійскага з прапановай пераканаць беларускі бок адпусціць Пачобута. Расіяне выставілі дадатковыя ўмовы. Так у абмене апынуўся намеснік кіраўніка малдоўскай разведкі Аляксандру Балан, які шпіёніў на карысць беларускага КДБ і расійскага ГРУ і быў арыштаваны ў Румыніі. Амерыканскія пасланнікі вялі перамовы ў Бухарэсце аб яго абмене. Таксама ў абмен была ўключана і Ніна Папова, жонка афіцэра ГРУ, арыштаванага ў Малдове за шпіянаж. У выніку з Расіі былі выдадзены два афіцэры малдоўскай разведкі.

Нарэшце, беларускі шпіён Уладзіслаў Надзейка быў абменены на Томаша Бярозу, вынікае з артыкула выдання.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!