Галодныя дзеці ці звычайныя гопнікі? Мінчукі спрачаюцца пра жабракоў у Burger King

Мінчук у Threads распавёў непрыемную гісторыю: упершыню адправіў 9-гадовага сына аднаго ў Burger King на Каменнай Горцы, даўшы 20 рублёў на цыбульныя кольцы. Сын вярнуўся ў машыну са здачай 4,5 рубля. Аказалася, у рэстаране да яго падышоў хлопчык і папрасіў рубель, а атрымаў дзесяць. Бацька пайшоў паглядзець на малалетняга жабрака – хлапчук быў нармальна апрануты і сядзеў з поўным падносам ежы.

«Пытаюся, навошта просіш грошы ў заведама малых? Кажа, есці хацеў, не хапала», – піша мінчук пад нікам 0_prozentov_0 у Threads.

Вярнуць дзясятку ён не змог, але сказаў, што можа зарабіць яе на ўваходзе ў метро.

«Не, кажа, але магу пайсці цяпер і зарабіць, і паказвае некуды на ўваход у метро рукой. Я пытаюся, колькі табе гадоў, ён кажа 11. Я кажу, у гэтым узросце табе па законе нельга працаваць. Тэлефон бацькоў памятаеш?»

Хлопчык сказаў, што не памятае, і назваў выдуманы адрас, па якім нібыта жыве. Бацька з сынам паехалі па гэтым адрасе і ўбачылі сучасны малапавярховы дом, у якім не было названай кватэры.

«То-бок малы на блакітным воку хлусіў мне пра адрас… І нічога яму не будзе з-за ўзросту, з-за таго, што ён папрасіў і яму далі па добрай волі», — закончыў аўтар.

Меркаванні разышліся

З 160 каментарыяў далёка не ўсе сталі на бок бацькі. Многіх зачапіла, што дарослы зладзіў разборкі з дзіцем з-за дзесяці рублёў.

«Дзіця хацела купіць бургер. Няўжо вы пайшлі пытацца за грошы і не пачаставалі дзіця? Ванітаваць хочацца ад такіх», — nasty__bellarus.

Многія звярталі ўвагу, што паміж дзецьмі зусім невялікая розніца ва ўзросце, хоць пра ўзрост жабрака вядома толькі з яго ўласных слоў.

«Мужык, ты дзіўны! Твайму 9, яму 11, пра якіх… заведама малых можа ісці гаворка?!», — піша dimon__ik.

Іншыя адзначылі, што 9-гадовы хлопчык сам даў 10 рублёў замест аднаго.

«Па факце 11-гадовы папрасіў, заўважце, не адабраў 1 рубель, а ваш сам даў 10 рублёў. Якія пытанні да 11-гадовага?» — пытаецца shondzay.

«Вам сыну трэба растлумачыць, а не жабракоў „вышчамляць“», — раіць tatti_luciya.

Прыхільнікаў аўтара ў каментарыях аказалася не менш. Яны параўноўвалі малалетняга жабрака з прафесійнымі жабракамі і гопнікамі, якія вымагалі грошы ў 90-я.

«Калі хочуць есці, не клянчаць у бургеркінгу», — адзначыла marina_cherehovich.

«Колькі ў каментарыях ружовых поні, якія лічаць, што прафесійнае жабрацтва — гэта добра, а яго заахвочванне — гэта дабрыня», — здзівіўся aquifoliumilex.

«Заўсёды была гапата кшталту „а калі знайду?“. Цяпер яна эвалюцыянавала ў прававое поле», — лічыць alexey.rms.

Сам аўтар у каментарыях стаіць на сваім: «Гэта не выглядала як „дзядзька, купі, калі ласка, булачку, бо я цэлы дзень не еў“. Гэта было як „цяпер я з лохаў настраляю грошай і куплю сабе дафіга смакаты“. Ён нават не пераставаў жаваць, адказваючы на мае пытанні!».

Праблема з 11-гадовай гісторыяй

Скаргі на падлеткавыя кампаніі ў «Бургер Кінгу» на Прытыцкага пачаліся з самага яго адкрыцця ў 2015 годзе. Малалетнія жабракі сустракаюцца і ў іншых раёнах Мінска, але Каменная Горка з канца 2000-х засялялася чаргавікамі і льготнікамі, у тым ліку шматдзетнымі сем’ямі: дзяцей тут вельмі шмат, а з дзесяці запланаваных школ з’явілася толькі пяць, таму праблема тут адчуваецца найбольш востра.

«Там такіх хлопчыкаў звычайна натоўпы… акупуюць другі паверх, рагочуць, смецяць… нічога не заказваюць або адна кава на ўсіх. Адміністрацыі, відаць, фіялетава… галоўнае, менавіта ў гэтым БК такая сітуацыя…» — піша sevakarlofff.

Што па законе

Многія пісалі, што ў такіх выпадках трэба выклікаць міліцыю – тая б высветліла і тэлефон, і адрас. Але аўтар адхіліў гэтую параду як бессэнсоўную: хлопчыку 11 гадоў, ён не рабаваў, а папрасіў, ды і сума невялікая. «Іншая справа, што відавочна гэта пастаўлена на паток».

Сапраўды, пакараць 11-гадовага па законе нельга, ды і жабрацтва не з’яўляецца яго парушэннем. Але міліцыі тут усё ж ёсць чым заняцца. Закон аб прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх (№ 200-З) дае інспекцыі па справах непаўналетніх асобную падставу звярнуць увагу на дзіця, якое жабруе: яго разам з сям’ёй павінны паставіць на ўлік. Але як гэта выглядае на практыцы, сказаць складана: публічных паведамленняў пра тое, што ў Мінску дзіця паставілі на ўлік за жабрацтва, рэдакцыі знайсці не ўдалося.