Изображение: Freedom House
Арганізацыя Freedom House апублікавала штогадовую справаздачу «Свабода ў сетцы 2026». У ёй дадзена ацэнка свабодзе інтэрнэту ў 38 дзяржавах.
Беларусь атрымала ў ёй 21 бал са 100 магчымых, што адносіць нашу краіну да дзяржаў з несвабодным інтэрнэтам. Ніжэйшыя ацэнкі атрымалі толькі Куба (19 балаў), Расія (16), Кітай, Іран і М’янма (па 9 балаў). У леташняй справаздачы Беларусь набрала 21 бал.
У лік краін са свабодным інтэрнэтам, якія атрымалі найвышэйшыя ацэнкі, увайшлі Эстонія, Коста-Рыка, Тайвань, Аўстралія, Францыя, ПАР, Вялікабрытанія, ЗША і Аргенціна. Украіна апынулася ў сярэдзіне рэйтынгу – сярод краін з часткова свабодным інтэрнэтам.
Трэба адзначыць, што сёлета Freedom House прыпыніла разгляд 34 краін, у выніку колькасць дзяржаў у рэйтынгу скарацілася амаль удвая.
Арганізацыя канстатуе працяг зніжэння ўзроўню свабоды ў інтэрнэце. Яно ідзе ўжо 16 гадоў запар.
Адзначаецца, што аўтарытарныя рэжымы актывізавалі намаганні па ізаляцыі насельніцтва ад глабальнага інтэрнэту. Яшчэ адной тэндэнцыяй названа ўвядзенне ўзроставых абмежаванняў для карыстальнікаў сацыяльных сетак. Выклікам для свабоды ў інтэрнэце стала выкарыстанне ШІ і спробы дзяржаў рэгуляваць яго. З аднаго боку, палітыкі прасоўваюць меры па барацьбе з выкарыстаннем штучнага інтэлекту для выдання сябе за іншую асобу, пераследу іншых людзей і г. д. Аднак адначасова дзяржаўныя дзеячы злоўжываюць некаторымі законамі, абмяжоўваючы свабоду выказвання меркаванняў у інтэрнэце.
“Свабода ў інтэрнэце павінна служыць арыенцірам у эпоху штучнага інтэлекту. Хуткае ўкараненне агентных сэрвісаў ШІ, якія выконваюць задачы незалежна, ужо трансфармуе інтэрнэт. Ва ўсім свеце грамадствам давядзецца вырашыць, як наладзіць інтэрнэт у адказ на гэтыя змены. Гэтыя намаганні павінны быць накіраваны на захаванне адкрытага абмену меркаваннямі і свабоды выказвання меркаванняў як асноватворных каштоўнасцяў”, – гаворыцца ў дакладзе Freedom House.