Фінляндыя выдзеліць 100 тысяч еўра на дапамогу беларускім палітвязням

Фінляндыя ўнясе дадатковыя 100 тыс. еўра ў Міжнародны гуманітарны фонд, які фінансуе дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій у Беларусі. Пра гэта паведамілі ў Офісе Ціханоўскай па выніках сустрэч Святланы Ціханоўскай з міністаркай замежных спраў Фінляндыі Элінай Валтанен і дзяржсакратаром МЗС Пасі Раяла.

Гэта ўжо другі ўнёсак Фінляндыі ў Міжнародны гуманітарны фонд.

Падчас сустрэчы таксама абмяркоўваліся далейшыя намаганні па вызваленні палітвязняў, сітуацыя з бяспекай у Беларусі і рызыкі далейшага ўцягвання краіны ў вайну супраць Украіны. Асобна разам з дзяржсакратаром фінскага МЗС Ціханоўская ўздымала пытанні, якія датычацца беларусаў у Фінляндыі: пратэрмінаваныя пашпарты, дакументы і легалізацыя.

«Дзякую Фінляндыі за паслядоўную салідарнасць з беларусамі. Асабліва важна, што гэтая падтрымка ператвараецца ў канкрэтную дапамогу людзям — палітвязням, вызваленым і сем’ям рэпрэсаваных. Мы павінны быць гатовыя да новых вызваленняў загадзя, каб чалавек, які выходзіць з турмы, адразу атрымаў неабходную падтрымку», — адзначыла Ціханоўская.

Фота: Офіс Ціханоўскай