Фінляндыя далучаецца да французскай ініцыятывы па ядзерным стрымліванні. Пра гэта заявілі ў Міністэрстве абароны краіны.
“Французская ініцыятыва ўмацуе ўсё больш актыўны падыход Еўропы да абароны. Яе мэта — узмацніць бяспеку і стрымліванне па ўсёй Еўропе. Францыя — еўрапейская ядзерная дзяржава, якая адыгрывае ключавую ролю ва ўмацаванні абароны Еўропы.
Далучэнне Фінляндыі да французскай ініцыятывы значна паглыбіць наша двухбаковае супрацоўніцтва ў галіне абароны з Францыяй і ўмацуе бяспеку Фінляндыі. Гэта натуральны крок, паколькі нашы блізкія саюзнікі — Нарвегія, Швецыя і Данія — ужо далучыліся да гэтай ініцыятывы”, – заявіў міністр абароны Анці Хакянен.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон запусціў ініцыятыву па еўрапейскім вымярэнні ядзернага стрымлівання ў сакавіку гэтага года. Тады да яе далучыліся восем дзяржаў. Пазней у іх лік увайшла Нарвегія. Фінляндыя вяла перамовы з Францыяй, цяпер яны завершаныя.
У фінскім Мінабароны адзначылі, што французская ініцыятыва не замяняе і не дублюе ядзернае стрымліванне НАТА.
«Кожная краіна, якая далучылася да французскай ініцыятывы, сама вызначыць тэмпы свайго ўдзелу. Французская ініцыятыва адрозніваецца ад ядзернага стрымлівання НАТА. Краіны, якія далучаюцца, не будуць несці такіх абавязацельстваў, як калектыўная абарона НАТА. Больш за тое, Францыя не просіць іншыя краіны рабіць унёсак у выдаткі на падтрыманне ядзернага стрымлівання», – адзначыў міністр.
Дэталі супрацоўніцтва Францыі і Фінляндыі будуць удакладнены ў рамках далейшых перамоў. Яны могуць уключаць сумесныя вучэнні, размяшчэнне элементаў стратэгічных ВПС Францыі і інш.