Афіша фэсту.
23–24 кастрычніка ў Бельску-Падляшскім адбудзецца XXXI Фестываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песні «Бардаўская восень». Сёлетні фэст годна злучае генерацыі і фарматы: ад жывой сустрэчы з Максімам Знакам і тэатральнай пастаноўкі «Купалаўцаў» да рок-прэм’еры ад гурта Filamaty, выступу Светы Бень і .К з альбомам «Карова белая» ды канцэрта 15-гадовай пераможцы конкурсу Магдалены Левандоўскай.
Заснаваны ў 1994 годзе па ініцыятыве Звязу беларускай моладзі ў Польшчы, фестываль ужо тры дзесяцігоддзі застаецца месцам беларускай песеннай культуры. Ключавой асобай імпрэзы быў і ёсць паэт, мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў, які шмат гадоў уваходзіў у журы і дапамагаў фармаваць эстэтыку «Бардаўскай восені». Сёння арганізатары з Фонду Tutaka працягваюць гэтую традыцыю, спалучаючы класічную бардаўскую акустыку з сучасным рокам, тэатрам і кіно.
У межах традыцыйнага конкурсу маладых выканаўцаў арганізатары ладзяць адкрытае анлайн-галасаванне, каб слухачы маглі самі вызначыць свайго фаварыта. Сёлета ў гэтым конкурсе найбольшую колькасць галасоў набрала Магдалена Анастасія Левандоўская — за яе прагаласавалі 152 чалавекі.
Магдалене 15 гадоў, з якіх дзевяць яна займаецца фартэпіяна. Апошні год дзяўчына стварае ўласную музыку — спявае на вершы сваёй мамы і аўтарскія тэксты. Нягледзячы на юны ўзрост, яна ўжо здабыла першыя месцы на конкурсах «PikToGraMy», «Беларуская песня для дзяцей» і «Sing a Song», а таксама атрымала адзнакі на фестывалях «BigBeat» і «Wiosenny Powiew». Выступ Магдалены на «Бардаўскай восені» стане магчымасцю пачуць, якім бачыць беларускую песню новае пакаленне.
Двухдзённая праграма фестывалю прапануе наведвальнікам рэдкі баланс фарматаў: ад тэатральнай дакументалістыкі і літаратурных сустрэч да прэзентацыі музычных рэлізаў ды жывога рока.
Пастаноўка рэжысёра Войцеха Урбаньскага паводле дакументальнай аповесці Максіма Знака, якую ён напісаў у лістах да сям’і з СІЗА. Гэта аповесць пра тое, што адбываецца за кратамі і як у цяжкіх умовах застацца чалавекам.
На сцэне: Алег Гарбуз, Сяргей Чуб, Уладзімір Пугач. (Спектакль ідзе па-беларуску з польскімі субцітрамі).
Адвакат, паэт і аўтар «Зекамерона», які напрыканцы 2025 года выйшаў на волю, завітае на «Бардаўскую восень» у суцэльна олдскульным фармаце — з гітарай, аўтарскімі песнямі і шчырай размовай пра творчасць ды свой шлях да беларускага слова. Мадэратарка: Таццяна Нядбай.
Спецыяльны музычны акцэнт вечара — выступ новага гурта Filamaty, заснаванага музыкамі Relikt (Алесь Дземідзенка, Віталь Макшун, Зміцер Наркевіч) і паэтам ды музыкай Уладзем Лянкевічам (Syndrom Samazvanca, SnopSnoŭ, ex-TonqiXod). Літаральна напярэдадні фестывалю, 21 кастрычніка, у гурта выходзіць дэбютны альбом, таму канцэрт у Бельску-Падляшскім стане яго першай афіцыйнай сцэнічнай прэзентацыяй. Праграма — гэта спроба пераасэнсаваць гісторыю філаматаў XIX стагоддзя праз сучасны гітарны рок, гранж і сёрф.
Дакументальны кінапартрэт рэжысёра Мікалая Ваўранюка пра Сакрата Яновіча — выдатнага пісьменніка і грамадскага дзеяча з Беласточчыны, якога звалі «Пісьменнікам Абодвух Народаў». Пасля паказу: дыскусія пра памяць і шматкультурную тоеснасць з мадэратаркай Алінай Ваўранюк.
Кульмінацыяй фестывалю стане выступ тандэма Светы Бень і Яўгена Кучмейны (.К). Музыкі прывозяць у Бельск Падляшскі сумесны альбом «Карова белая», запісаны ў мабільнай студыі на Беласточчыне. На сцэне прагучаць усе 14 песень з гэтага рэліза, а таксама знаёмыя кампазіцыі Светы ў новых аранжыроўках.
Час і месца падзеі: 23–24 кастрычніка, пачатак а 17:00, Бельскі дом культуры (Bielsk Podlaski, ul. 3 Maja 2). Уваход: свабодны на ўсе падзеі абедзвюх дзён.
«Бярыце з сабой усіх, каго любіце, і прыходзьце ў Бельскі дом культуры — там будзе на што паглядзець і каго паслухаць», — запрашаюць арганізатары.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram