Фанаты Макса Каржа зладзілі фаер-шоу ў Франкфурце. Умяшалася паліцыя

Фанаты беларускага рэпера Макса Каржа запалілі сотні фаераў на мосце ў Франкфурце-на-Майне напярэдадні яго канцэрта. Вымушана была ўмяшацца паліцыя, піша Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Увечары ў пятніцу, 9 кастрычніка, прыхільнікі музыканта таксама збіраліся ў іншых раёнах горада і гучна спявалі песні. Паводле інфармацыі выдання, на мосце Флёсербруке фанаты зладзілі неўзгодненае масавае мерапрыемства з выкарыстаннем піратэхнікі. Паліцыя прыбыла на месца на некалькіх патрульных аўтамабілях і спыніла акцыю.

Каля 2 тысяч прыхільнікаў Каржа сабраліся таксама ў раёне Хафенпарк, каля Усходняга вакзала і ў раёне Заксенхаўзен. Яны рыхтаваліся да канцэрта рэпера, які павінен адбыцца ў суботу на стадыёне Deutsche Bank Park.

“Макс Корж, які спалучае ў сваёй музыцы рэп, поп і электра, з’яўляецца адным з самых папулярных і паспяховых усходнееўрапейскіх музыкантаў. Факелы, бенгальскія агні і феерверкі — важная частка яго шоу. Паколькі пасля ўварвання Расіі ва Украіну ён адкрыта выступіў супраць вайны, яго выступленні ў Расіі забароненыя. Нават у яго роднай Беларусі 37-гадоваму спеваку цяпер не дазваляюць даваць канцэрты. Таму на яго выступленні ў іншых еўрапейскіх краінах часта з’язджаюцца дзясяткі тысяч гледачоў з усёй Усходняй Еўропы”, – піша FAZ.

Відэа: instagram.com/maxkorzhfan

Відэа: instagram.com/maxkorzhfan

Відэа: instagram.com/maxkorzhfan