Фото: skating.by
Краіны ЕС разглядаюць шэраг мер, якія могуць абмежаваць вяртанне беларускіх і расійскіх спартсменаў да выступленняў пад нацыянальнымі сцягамі. Пра гэта піша Euractiv са спасылкай на некалькіх еўрапейскіх дыпламатаў.
Сярод мер, якія абмяркоўваюцца, — санкцыі супраць асоб, звязаных з беларускім і расійскім спортам, візавыя абмежаванні і скарачэнне фінансавання арганізацый, якія дапускаюць беларускіх і расійскіх спартсменаў да спаборніцтваў пад нацыянальнай сімволікай. Таксама абмяркоўваецца магчымасць абмежаваць звязаныя з расійскімі спартсменамі даходы ад медыяправоў і звярнуцца да трэціх краін з заклікам не спрыяць іх вяртанню ў міжнародны спорт.
Паводле інфармацыі рэсурсу, гэтыя варыянты выкладзеныя ў неафіцыйным дакуменце, падрыхтаваным дыпламатычнай службай ЕС і Еўракамісіяй. Пакуль ён не з’яўляецца асновай для фармальнай прапановы ЕК.
Паводле слоў дыпламатаў, краіны ЕС разыходзяцца ў меркаваннях адносна магчымых мер. Адны ўрады лічаць, што спартыўныя федэрацыі павінны самастойна прымаць рашэнні аб допуску спартсменаў. Іншыя выступаюць за агульную пазіцыю ЕС, згодна з якой беларускія і расійскія спартсмены не павінны ўдзельнічаць у спаборніцтвах, калі маюць афіцыйныя сувязі са сваімі ўрадамі.
У аўторак Славакія заблакіравала праект выніковага дакумента, які разглядаўся пасламі ЕС, што курыруюць пытанні бяспекі, паведамілі Euractiv тры дыпламаты.
Дыскусія вядзецца на фоне рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэта ў ліпені часова зняць абмежаванні з Алімпійскіх камітэтаў Расіі і Беларусі. Гэта патэнцыйна адкрывае спартсменам дзвюх краін шлях да ўдзелу ў Алімпіядзе 2028 года ў Лос-Анджэлесе. На Алімпіядзе ў Парыжы ў 2024 годзе беларускія і расійскія спартсмены маглі выступаць толькі без нацыянальных сцягоў, гімнаў і іншых сімвалаў дзяржаўнай прыналежнасці.
У чэрвені лідары ЕС заявілі, што да дасягнення «справядлівага і ўстойлівага міру» ва Украіне не павінна адбывацца нармалізацыя ўдзелу Расіі ў міжнародных спартыўных і культурных мерапрыемствах. Аднак, паводле слоў шэрагу дыпламатаў, сярод урадаў краін ЕС захоўваюцца рознагалоссі адносна таго, якія меры варта прымаць і ў якой ступені дзяржавам належыць умешвацца ў рашэнні, якія традыцыйна застаюцца ў кампетэнцыі спартыўных федэрацый.
Дыпламаты ЕС чакаюць, што Еўрапейская камісія і знешнепалітычная служба ЕС падрыхтуюць новыя прапановы да наступнай сустрэчы міністраў, якія адказваюць за пытанні адукацыі, спорту і культуры, запланаванай на 20 лістапада.