Фото: coe.int
Вялікая палата Еўрапейскага суда па правах чалавека 24 лістапада аднагалосна пастанавіла, што Польшча парушыла артыкул 3 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, калі ў кастрычніку 2021 года вярнула грамадзяніна Афганістана ў Беларусь. Да таго моманту ўжо дзейнічала прадпісанне ЕСПЧ, якое забараняла вяртаць мужчыну ў Беларусь, калі ён знаходзіцца на польскай тэрыторыі.
Скаргу па справе «A.R. і іншыя супраць Польшчы» першапачаткова падалі 32 грамадзяніны Афганістана. Улетку 2021 года група апынулася ў стыхійным лагеры на мяжы з Беларуссю, каля польскай вёскі Уснаж-Гурны. Пасля двое заяўнікаў пацвердзілі, што хочуць працягнуць разгляд справы.
Дзе менавіта знаходзіліся заяўнікі, стала адным з галоўных пытанняў справы. Суд палічыў недаказаным іх сцвярджэнне, што лагер першапачаткова размяшчаўся на польскай тэрыторыі. Пакуль заяўнікі знаходзіліся ў лагеры на беларускім баку мяжы, юрысдыкцыя Польшчы на іх не распаўсюджвалася.
Абставіны выдварэння аднаго з мужчын суду ўдалося ўстанавіць. 20 кастрычніка 2021 года ён перасёк мяжу і некалькі гадзін знаходзіўся пад кантролем польскіх памежнікаў. У той жа дзень яны вярнулі яго ў Беларусь. Паводле ацэнкі ЕСПЧ, у памежнікаў было дастаткова часу, каб даведацца пра прадпісанне суда. Польскія ўлады павінны былі ацаніць, якая небяспека пагражала мужчыну пасля вяртання і ці меў ён патрэбу ў абароне. Яны гэтага не зрабілі, парушыўшы артыкул 3 Канвенцыі, які забараняе катаванні і бесчалавечнае або прыніжальнае для годнасці абыходжанне.
ЕСПЧ таксама аднагалосна ўстанавіў парушэнне артыкула 34 Канвенцыі, які гарантуе права на індывідуальную скаргу. 28 верасня 2021 года польскія ўлады не дапусцілі адвакатаў да абодвух заяўнікаў. Яшчэ адной падставай для гэтай высновы стала выдварэнне першага заяўніка насуперак прадпісанню суда.
Польшча павінна выплаціць выдваранаму мужчыну 20 тысяч еўра, а другому заяўніку — 5 тысяч еўра ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Яшчэ 3137,01 еўра суд прысудзіў у якасці кампенсацыі судовых выдаткаў.