Михаил Гуцериев. Скриншот видео Forbes Talk
Прадстаўнікі краін ЕС пры Еўрасавеце 7 кастрычніка могуць узгадніць выключэнне з санкцыйнага спіса расійскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева і беларускага бізнесмена Віктара Шаўцова. Пра гэта піша “Радыё Свабода”. Брусельскі карэспандэнт RFE/RL Рыкард Ёзвяк спасылаецца на дыпламатычныя крыніцы.
Выключэнне звязана з рашэннямі судоў ЕС, якія прызналі юрыдычныя падставы для знаходжання названых асоб у спісах слабымі.
“Радыё “Свабода” адзначае, што выключэнне Гуцэрыева з “беларускага” санкцыйнага спіса не дапаможа яму цалкам пазбавіцца ад санкцый, таму што ў ліпені гэтага года ён быў унесены ў спіс, звязаны з расійскай агрэсіяй супраць Украіны. А вось Шаўцоў фігуруе толькі ў “беларускім” спісе.
Нагадаем, суд агульнай юрысдыкцыі Еўрапейскага саюза 13 мая адмяніў санкцыі ЕС супраць Міхаіла Гуцэрыева уведзеныя ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і падтрымкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Суд пастанавіў, што Савет ЕС не прадставіў дастатковых доказаў таго, што ў 2025 годзе Гуцэрыеў працягваў падтрымліваць беларускія ўлады або атрымліваць выгаду ад сувязей з імі. Пад санкцыямі Гуцэрыеў знаходзіўся з 2021 года.
У красавіку гэтага года Генеральны суд Еўрапейскага саюза адмяніў санкцыі, уведзеныя Еўрасаюзам супраць Віктара Шаўцова, пастанавіўшы, што Савет ЕС не змог дастаткова даказаць падставы для яго ўключэння ў санкцыйны спіс. Пры гэтым суд асобна ўказаў, што ў лютым 2026 года Савет ЕС зноў абнавіў санкцыйны спіс і захаваў імя Шаўцова ў ім да 28 лютага 2027 года. Законнасць гэтага новага рашэння ў дадзеным працэсе не разглядалася.