Фото: LOT
Сёння ў краінах Еўрасаюза некалькі самалётаў былі перанакіраваныя або здзейснілі пазапланавыя пасадкі з-за паведамленняў пра бомбы.
Раніцай у канцылярыю прэм’ер-міністра Францыі Себасцьена Лекарню паступіла паведамленне аб пагрозе выбуху на борце самалёта Airbus A320. Самалёт кампаніі Aer Lingus ляцеў з Дубліна ў Рым. Яго пасадзілі на французскай авіябазе. На борце паветранага судна знаходзіўся 151 пасажыр.
Рэйс Wizz Air з Мілана ў Варшаву быў вымушаны сесці ў Вене з-за аналагічнага паведамлення. Выбуховых прылад не выяўлена.
Самалёт польскага перавозчыка LOT прызямліўся ў аэрапорце Завентэм у Бруселі з-за «падазронага паведамлення». Паведамленне аб пагрозе таксама не пацвердзілася.
Рэйс Finnair з Хельсінкі ў Рым з-за пагрозы выбуху пры пасадцы ў аэрапорце італьянскай сталіцы суправаджалі знішчальнікі.
У Балгарыі з-за пагрозы выбуху былі пасаджаныя тры самалёты. Таксама паведамленні аб выбуховых прыладах паступалі ў дачыненні да рэйсаў, якія прызямліліся ў Празе.
У аэрапорце Шапэна ў Варшаве пасля падазронага паведамлення падчас рулення быў спынены рэйс, які вылятаў у Парыж. Яго адправілі на спецыяльную стаянку. Пасля праверкі высветлілася, што на борце няма ніякіх небяспечных прадметаў.
На гэтым тыдні ў аўторак па Еўропе ўжо пракацілася хваля аналагічных паведамленняў аб выбуховых прыладах. Яна закранула каля дзясятка рэйсаў.