Скриншот видео
Еўрасаюзу неабходны ўласны механізм супрацьдзеяння гібрыдным пагрозам. Гэта можа быць аналаг артыкула 4 статута НАТА, які прадугледжвае скліканне кансультацый у выпадку пагрозы аднаму з саюзнікаў. З такой прапановай у Еўрапарламенце выступіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
“Наша дактрына, нашы інстытуты і працэс прыняцця рашэнняў не паспяваюць за новай рэальнасцю.
Нашы сістэмы створаныя для іншага свету. Яны заснаваныя на добрых намерах дасягнуць кансенсусу і кампрамісу. Але нам неабходна задумацца, ці па-ранейшаму яны адпавядаюць свайму прызначэнню.
Напрыклад, Еўропе неабходны ўласны план супрацьдзеяння гібрыдным дзеянням. Нам тэрмінова патрэбны кансенсус адносна таго, як рэагаваць на пэўныя інцыдэнты. Тыя, якія не падпадаюць пад вызначэнне ўзброенай агрэсіі, але відавочна пагражаюць нашай нацыянальнай бяспецы. Іншымі словамі, механізм, які дапаўняе «артыкул 4» НАТА.
Я лічу, што настаў час для ўласнага артыкула 4 Еўрапейскага пагаднення — або пратакола аб надзвычайнай бяспецы. Па запыце адной з краін-членаў усе краіны-члены павінны будуць сабрацца для каардынацыі еўрапейскіх мер у адказ, прадухілення далейшай эскалацыі і змякчэння наступстваў”, — сказала яна.
Яна таксама выступіла за фармат сустрэч лідараў па пытаннях бяспекі кантынента, у якім павінны ўдзельнічаць партнёры, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, у прыватнасці Канада, Нарвегія, Украіна, Вялікабрытанія і іншыя.
“Улічваючы характар і маштаб існуючых рызык, гэта цяпер асабліва актуальна. Менавіта таму мы выкладзем нашы ідэі па стварэнні Еўрапейскага Савета Бяспекі”, — сказала яна.