Фото: facebook.com/EUinBelarus
Еўрапейскія дыпламаты ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. 30 кастрычніка прадстаўнікі дыпламатычных місій краін ЕС і Вялікабрытаніі наведалі мемарыял, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКУС праводзілі масавыя расстрэлы.
Фота апублікавала прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.
“Пра масавыя пахаванні ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам стала вядома ў 1970-х – 1980-х гадах дзякуючы сведчанням відавочцаў; былі праведзены раскопкі і археалагічныя даследаванні, адбывалася паступовае афіцыйнае прызнанне і ўвекавечанне памяці ахвяр. Паводле некаторых ацэнак, колькасць забітых магла дасягаць і нават перавышаць сто тысяч чалавек. Археолагам удалося ўстанавіць імёны толькі дваіх. Архівы па-ранейшаму закрытыя.
На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у Курапатах былі ўсталяваныя мемарыяльныя знакі ў памяць пра мноства людзей рознага паходжання, якія сталі ахвярамі дэспатызму і тэрору”, – гаворыцца ў публікацыі ў Facebook.
У амбасадзе Германіі нагадалі, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя шматлікія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку паэты і пісьменнікі.
“Іх целы былі пахаваныя ва ўрочышчы Курапаты на ўскраіне Мінска. Лічыцца, што ў перыяд з 1937 па 1941 год толькі ў Курапатах такім чынам было забіта і пахавана да 250 000 чалавек. Кожны год многія беларусы ўшаноўваюць памяць гэтых забітых дзеячаў культуры», – адзначылі ў дыппрадстаўніцтве.
Напярэдадні, 29 кастрычніка, у Берлінскім літаратурным калёквіуме адбылася «Ноч нерасстраляных вершаў 2026. Сустрэча са знішчанай беларускай літаратурай». Сёлета мерапрыемства прысвяцілі літаратурным гурткам, якія існавалі ў Беларусі ў 1920-х – 1930-х гадах. Сустрэча прайшла на беларускай, ідышы і нямецкай мовах.
Пасол па асаблівых даручэннях МЗС Літвы Аста Андрыяускене апублікавала ў X фатаграфіі з Курапатаў і верш «Прысяга» («Клятва») Міхася Чарота, расстралянага ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.
Фота: facebook.com/EUinBelarus