Фото: pixabay.com
Еўракамісія заснавала Офіс па санкцыях ЕС (EU Sanctions Office), які будзе займацца ўсімі пытаннямі санкцый: ад распрацоўкі санкцыйнай палітыкі да забеспячэння выканання санкцый і супрацьдзеяння іх абыходу, уключаючы ўзаемадзеянне з трэцімі краінамі.
Такі падыход дазволіць забяспечыць каардынацыю санкцыйнай дзейнасці ЕС як з краінамі Еўрасаюза, так і з трэцімі краінамі. Ён будзе прымяняцца да ўсіх санкцыйных рэжымаў, у тым ліку ў дачыненні да Расіі і Беларусі, а таксама КНДР і Сірыі. Падыход таксама будзе распаўсюджвацца на гібрыдныя пагрозы і арганізаваную злачыннасць, паведамляе прэс-служба Еўракамісіі.
«Санкцыі ЕС з’яўляюцца цэнтральным элементам нашых мер у адказ на агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны. Кожны новы пакет санкцый падрывае асновы ваеннай эканомікі Расіі. Аднак для забеспячэння іх эфектыўнасці яны павінны ў поўнай меры ўводзіцца ў дзеянне, строга выконвацца і абараняцца ад абыходу. Менавіта таму мы ствараем Упраўленне па санкцыях ЕС, каб умацаваць наш патэнцыял і забяспечыць дзейснасць усіх нашых санкцыйных рэжымаў», — заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Еўракамісія адзначыла, што стварэнне новага офіса звязана з ростам маштабаў і складанасці санкцыйных мер пасля ўварвання Расіі ва Украіну.
Офіс па санкцыях ЕС створаны ў структуры Генеральнага сакратарыята Еўракамісіі. Курыраваць яго працу будзе еўракамісар Марыя Луіш Албукерке.
Міжнародным спецыяльным пасланнікам ЕС па пытаннях рэалізацыі санкцый прызначаны Ларс Даніэльсан. Ён прыступіць да сваіх абавязкаў 6 лютага 2027 года пасля заканчэння паўнамоцтваў дзейнага прадстаўніка Дэвіда О’Салівана.
Новая структура пачне працу 16 студзеня 2027 года.