Дзвюх жыхарак Мінска асудзілі паводле артыкула аб арганізацыі незаконнай міграцыі. Яны афармлялі фіктыўныя працоўныя дагаворы і фіктыўныя хадайніцтвы аб выдачы віз для іншаземцаў.
Адна з абвінавачаных працавала дырэктаркай розных арганізацый, «створаных мэтанакіравана для ажыццяўлення злачыннай дзейнасці». З 2024-га па красавік 2026 года жанчына садзейнічала незаконнаму ўезду ў Беларусь 60 іншаземцаў.
Як паведамляе пракуратура Мінска, у канцы 2025 года жанчына прыцягнула да сваёй дзейнасці сяброўку, якая таксама была дырэктаркай арганізацыі. Дзякуючы другой абвінавачанай з канца 2025 года па красавік 2026 года ў Беларусь незаконна ўехалі не менш за 10 замежных грамадзян.
«Злачынная дзейнасць абвінавачаных выявілася ў падрыхтоўцы і заключэнні, у тым ліку праз іншых асоб, не дасведчаных аб іх злачыннай дзейнасці, заведама фіктыўных працоўных дагавораў з замежнымі грамадзянамі, падрыхтоўцы заведама фіктыўных хадайніцтваў аб выдачы візы з мэтай наступнага незаконнага ўезду ў Рэспубліку Беларусь замежных грамадзян, перадачы ім падрыхтаваных фіктыўных дакументаў для наступнага іх прадастаўлення ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь», — паведамляе пракуратура.
Жанчыны атрымалі ў якасці заробку і непасрэдна ад іншаземцаў каля 40 тысяч рублёў.
Сябровак судзілі паводле ч. 2 арт. 371-1 КК («Арганізацыя незаконнай міграцыі, учыненая службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў»). Іх прыгаварылі да 2 і 2,5 года «хатняй хіміі» і штрафаў у 9000 рублёў і 13 500 рублёў адпаведна.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.