Иллюстративное фото. ЗРК Patriot. Фото: John Hamilton, Army/defense.gov
Дзяржаўны дэпартамент ЗША прыняў рашэнне ўхваліць магчымую здзелку па продажы Украіне 500 ракет PAC-3 для ЗРК Patriot.
Арыенціровачны агульны кошт закупкі складзе 2,1 млрд долараў. Пастаўкі будуць прафінансаваныя партнёрамі і саюзнікамі Украіны, заяўляе Бюро па ваенна-палітычных пытаннях у структуры Дзярждэпартамента.
«Украіна аплаціць гэтую закупку за кошт ахвяраванняў ад Канады, Германіі і Нарвегіі ў рамках праграмы JUMPSTART, а таксама за кошт нацыянальных сродкаў, якія фінансуюцца за кошт крэдыту Еўрапейскага саюза на падтрымку Украіны. У гэтай здзелцы не задзейнічаныя сродкі ЗША», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Як паведамляе Бюро, урад Украіны запытваў 500 ракет PAC-3 з удасканаленым ракетным сегментам (MSE). У пастаўку таксама ўключаныя запасныя часткі для ракет і іншыя элементы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і праграмнай падтрымкі.
Здзелка ўмацуе абараназдольнасць Украіны і будзе спрыяць дасягненню мэт знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі ЗША «шляхам умацавання бяспекі краіны-партнёра, якая з’яўляецца фактарам палітычнай і эканамічнай стабільнасці ў Еўропе», заяўляе Бюро.