Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў губернатара Яўрэйскай аўтаномнай вобласці Расіі Марыю Касцюк. Ён пацікавіўся ў яе, колькі яўрэяў пражывае ў рэгіёне, а таксама чаму ў ЯАВ вывозілі беларусаў і не вярнулі. Касцюк адказала, што беларусы паехалі ў ЯАВ зрабіць добра.
Вітаючы госцю, Лукашэнка адзначыў, што беларусы “сур’ёзна дакрануліся” да стварэння ЯАВ.
“Я хачу сказаць не толькі сур’ёзна. У нас, калі вобласць сама ўжо ў 1934 годзе стварылася, а перасяленне гэта пачалося ўжо значна раней”, – сказала на гэта Касцюк.
“У 1928-м недзе…”, – сказаў Лукашэнка.
“Першыя эшалоны калі пайшлі, і першыя гэта былі, першы і другі – адсюль. І цяпер мы пачалі як бы этнічны склад лічыць, глядзець, падымаць архівы. У савецкі час добра працавалі, вельмі шмат”, – сказала Касцюк.
“Ну а навошта вы перасялялі ў дваццатых гадах нашых людзей туды?” – спытаў Лукашэнка.
“Не, не так. Не перасялялі. Там жа размова была іншая. Краіна была вялікая. Усюды ў вялікай краіне павінна быць добра. Таму там, хто ўмее рабіць добра. Яны паехалі туды, каб там было добра”, – сказала расійская чыноўніца.
На яе словы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой засмяяўся. Лукашэнка таксама адрэагаваў з усмешкай.
“Вунь якая ідэалогія! Я ж і не ведаў нават. А так з недаверам ставіўся да гэтага. Ну, навошта было перасяляць”, – сказаў Лукашэнка.
Трэба адзначыць, што мяжа дваццатых і трыццатых гадоў мінулага стагоддзя – гэта час масавай калектывізацыі, раскулачвання, а таксама разгортвання маштабных рэпрэсій.
“Там, як у Маркеса “100 гадоў адзіноты”. У кожнага народа свае 100 гадоў адзіноты, свой шлях і ўзровень развіцця. Вось тыя, хто прыехалі, зрабілі добра. Далей паехалі. Хтосьці вярнуўся, а тыя, хто засталіся, павінны развіваць. І вось так вось яно ідзе”, – сказала Касцюк.
“Ну, не вельмі ж вярнулі вы нам нашых людзей адтуль”, – сказаў ёй Лукашэнка.
“Ну а адкуль бы мы там з’явіліся”, – адрэагавала суразмоўніца.
Яна паднесла яму архіўную даведку аб перасяленні з Беларусі з 1928 па 1938 год.
Лукашэнка падчас сустрэчы таксама не ўтрымаўся, каб задаць кіраўніцы ЯАВ каверзнае пытанне.
“Кажуць Яўрэйская аўтаномная вобласць. Так? Так, а колькі там яўрэяў? Вось у прапорцыі? Там жа не ўсе яўрэі, там ужо ўсё, як кажуць, перамяшалася. А колькі там яўрэяў?” – сказаў ён.
“Размова ж не пра яўрэяў, размовы пра тэрыторыю. Вялікая краіна. У рамках вялікай краіны створаная спецыяльная тэрыторыя, куды тытульная нацыя цяпер Яўрэйскай аўтаномнай вобласці магла спакойна пераехаць. І з усіх вестак-валасцей, з усіх бакоў, у асноўным размова ішла на міжнароднай аснове, каб з-за межаў краіны сюды пераязджалі. І гэта была адзіная тэрыторыя, інтэрнацыянальная, там вельмі шмат было розных змешаных шлюбаў. Там быў вялікі такі полікультурны дыялог.
Але зразумела, што тытульнасць аснову сваю трымала. Але пры гэтым гэта была адзіная тэрыторыя, дзе яўрэяў не абзывалі яўрэямі, і яны там сапраўды адчувалі сябе дома. І ў свой час жа яны ёсць цэлыя фільмы і прыгожыя, калі яны ехалі туды па шчасце. І гэта было шчасце.
Прайшло столькі часу, а сёння Яўрэйская аўтаномная вобласць як першае ўтварэнне яўрэяў, яна так і засталася першай. І яна так і засталася пра шчасце, пра мір, пра ўсе каштоўнасці, якія першапачаткова, дзеля якіх усё гэта фарміравалася. Нічога не змянілася. І таму мы сёння ўсім, каму недзе ўжо некамфортна, кажам: ну, можна вяртацца, можна прыязджаць”, – пачала адказваць Касцюк.
“То бок яўрэям, кажаце…” – уставіў Лукашэнка.
“Усім. Ну, вось, яўрэем можаш ты і не быць, але па-яўрэйску жыць абавязаны. Вось у нас было тры хвалі перасялення, як бы, так, і казахі, і многія прыязджалі, як мая бабуля да нас прыехала. Вось яўрэйства пастолькі-паколькі да нацыі, да самой тэрыторыі першапачаткова ўсё жыццё яе там прайшло. І дзеткі там сямёра дзетак, і ўнукі, і праўнукі”, – працягнула госця.
“Ну, то бок вы хочаце сказаць, што гэты край, дзе вы кіруеце вобласцю, гэта яна стваралася для такой… мястэчковая павінна была быць вобласць, адкуль з-за мяжы яўрэі маглі прыехаць, або для іх спецыяльна была…” – удакладніў Лукашэнка.
“Я думаю, усё ж такі гэты край, вобласць, яна стваралася паказаць, як можа быць полікультурная такая гісторыя дыялогу, на адной тэрыторыі можна сумясціць усіх, калі ёсць жаданне дружбы і ўпэўненасць. Але сёння ж нічога не змянілася. Паглядзіце, у нас усё роўна пра мір. Мы хоць і першыя былі, так, шмат пасля гэтага стварылася тэрыторый для яўрэяў, а мы як былі пра мір, так пра мір і засталіся. У нас сябруюць сем’ямі, ствараюць у нас, размаўляюць у нас развіваюцца”, – адказала Касцюк.
“Ну, зразумела. Але яўрэі туды ехалі?”, – яшчэ раз спытаў Лукашэнка.
“Яўрэі ехалі”, – адказала расіянка.
“Дык колькі там цяпер яўрэяў?” – не сунімаўся Лукашэнка.
“Адзін працэнт цяпер”, – паспрабаваў уставіць слова Дзмітрый Крутой.
“З таго, як я кажу, – там усе, ты па-іншаму жыць не можаш. То бок дух ён такі, ведаеце”, – сказала Касцюк.
“Ну, зразумела ўсё, не ўсе, але ўсе”, – падсумаваў Лукашэнка.
У далейшым Лукашэнка, як звычайна сказаў, што ўсюды нашы людзі. І зноў паразважаў пра карані.
“Галоўнае, што там жывуць і тут жывуць нашы людзі, з якімі мы можам супрацоўнічаць і гэтак далей. Цяжка разабрацца, хто мы там, асабліва ў Белоруссии. Тут такі замес: яўрэі і палякі, украінцы і рускія ўсё гэта перамяшалася. Атрымаўся беларус, як я кажу: беларус – гэта рускі са знакам якасці. Не ведаю, як Барыс Вячаслававіч…” – сказаў ён, звяртаючыся да пасла РФ у Беларусі Барыса Грызлова.
“Я падтрымліваю”, – адазваўся той.