Двум братам з Мінска налічылі 3 млн нявыплачаных падаткаў за схему з продажам піламатэрыялаў

У дачыненні да двух братоў з Мінска распачата крымінальная справа па артыкуле аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Яны прыдумалі схему з замежнай кампаніяй для продажу піламатэрыялаў, паведамляе Следчы камітэт.

Паводле даных следства, у ліпені 2023 года адзін з абвінавачаных набыў замежную кампанію. У канцы 2023 года яе паставілі на падатковы ўлік у Беларусі як замежную юрыдычную асобу без права ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.

Браты выкарыстоўвалі рэквізіты і разліковыя рахункі замежнай кампаніі і прадавалі набытыя ў Беларусі піламатэрыялы за мяжу ад яе імя. Пры гэтым абедзвюма – і беларускай, і замежнай кампаніямі – кіравалі адны і тыя ж людзі. Бухгалтарскі ўлік замежнай кампаніі вялі супрацоўнікі беларускай, якія не ведалі пра супрацьпраўную схему.

Выкарыстанне замежнай кампаніі дазволіла схаваць рэальныя аб’ёмы прыбытку. Агульная сума нявыплачанага падатку на прыбытак ацэньваецца ў больш як 3 млн рублёў.

Падчас расследавання 31-гадовыя браты прызналі віну і цалкам кампенсавалі шкоду. На маёмасць коштам больш за 6,8 млн рублёў накладзены арышт. Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе асабістага паручыцельства. Справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.