Фото: pixabay.com
Апеляцыйны суд Літвы пакінуў без зменаў прысуд акруговага суда па справе аб буйной кантрабандзе цыгарэт. Адхілены апеляцыйныя скаргі асуджаных — двух грамадзян Беларусі і двух супрацоўнікаў літоўскай мытні, якія працавалі на дарожным пасту ў Шальчынінкаі.
Суд устанавіў, што ў кастрычніку–снежні 2019 года праз пост Шальчынінкай як мінімум 4 разы з Беларусі ў Літву былі ўвезеныя больш за 3 млн пачак кантрабандных цыгарэт з акцызнымі маркамі трэціх краін (звыш 60 млн цыгарэт). Іх мытны кошт з улікам абавязковых падаткаў склаў амаль 11,4 млн еўра.
Апеляцыйная інстанцыя прыйшла да высновы, што злачынствы былі здзейснены арганізаванай групай па загадзя ўзгодненым плане з выразным размеркаваннем роляў. Грамадзяне Беларусі Ігар Казілецкі (Iharas Kaziletskis), Андрэй Разумаў (Andrejus Razumovas) і яшчэ адзін фігурант (матэрыялы ў дачыненні да яго вылучаныя ў асобную вытворчасць) адказвалі за пагрузку, перавозку праз мытныя пункты і дастаўку грузу. Супрацоўнікі мытні Ромас Каваляўскас (Romas Kavaliauskas) і Романас Калоло (Romanas Cololo), злоўжываючы службовым становішчам, забяспечвалі правоз цыгарэт у абыход кантролю — не праводзілі абавязковыя праверкі і накіроўвалі фуры на фітасанітарны кантроль, пасля чаго груз без агляду трапляў на тэрыторыю Літвы.
Суд адзначыў, што прызначаныя пакаранні за ўчыненыя злачынствы з’яўляюцца мінімальна магчымымі і падстаў для іх змякчэння няма. Андрэю Разумаву пакінуты сукупны штраф у 60 тысяч еўра і спагнанне больш за 10 тысяч еўра ў кошт канфіскуемай маёмасці; Ігару Казілецкаму — штраф 77,5 тысяч еўра і спагнанне звыш 32 тысяч еўра. Супрацоўніку мытні Ромасу Каваляўскасу, які тройчы прапусціў кантрабандны груз, прызначаны штраф 90 тысяч еўра і пяцігадовая забарона на працу на дзяржаўнай службе; Романасу Калоло, які прапусціў груз адзін раз, — штраф 62,5 тысяч еўра і трохгадовая забарона на працу на дзяржаўнай службе. У штрафы залічаны час часовага затрымання і арышту асуджаных, паведамілі ў прэс-службе Апеляцыйнага суда Літвы.
Акрамя таго, суд прызнаў абгрунтаваным грамадзянскі пазоў Вільнюскай тэрытарыяльнай мытні аб спагнанні амаль 9,8 млн еўра неаплачаных падаткаў. Нанесеную дзяржаве шкоду асуджаныя абавязаныя кампенсаваць салідарна.
Пастанова Апеляцыйнага суда Літвы па крымінальнай справе № 1A-57-1243/2026 уступіла ў сілу ў дзень прыняцця і можа быць абскарджаная ў касацыйным парадку ў Вярхоўны суд Літвы на працягу трох месяцаў.