Невельскі раённы суд Пскоўскай вобласці прыгаварыў двух грамадзян Беларусі і грамадзяніна Таджыкістана да пазбаўлення волі за кантрабанду больш як 5,5 тоны атлантычнага ласося з Беларусі ў Расію. Як паведаміла прэс-служба судоў Пскоўскай вобласці, трое падсудных атрымалі ад трох да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму і штрафы ад 200 да 400 тысяч расійскіх рублёў. Індывідуальныя тэрміны і сумы штрафаў прэс-служба не ўдакладніла.
Суд устанавіў, што фігуранты па папярэдняй змове купілі ў Беларусі 5 523,96 кілаграма атлантычнага ласося без дакументаў аб паходжанні. Рыбу ўвезлі ў Расію ў абыход устаноўленых месцаў мытнага кантролю і афармлення, а затым даставілі на Калінінскую агароднінную базу ў Санкт-Пецярбургу для продажу.
Усе трое цалкам прызналі віну і заявілі аб раскаянні. Суд прызнаў іх вінаватымі ў кантрабандзе стратэгічна важных рэсурсаў у буйным памеры, учыненай групай асоб па папярэдняй змове (п. «в» ч. 2 арт. 226.1 КК РФ). Транспарт, на якім перавозілі рыбу, канфіскавалі ў даход дзяржавы.
На момант публікацыі паведамлення прэс-службы прысуд не набыў законную моц.